Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч 20 лістапада ў нефармальнай абстаноўцы перад пачаткам цырымоніі закладкі капсулы, якая сімвалізуе пачатак будаўніцтва эксперыментальнага шматфункцыянальнага цэнтра "Мінск-Мір", абмеркавалі перспектывы правядзення ў Беларусі ў 2016 годзе сустрэчы кіраўнікоў былых югаслаўскіх рэспублік.
Лукашэнка выказаў надзею, што сербскі бок акажа Беларусі дапамогу ў арганізацыі гэтай сустрэчы. У сваю чаргу Нікаліч сказаў, што пэўныя захады па яе арганізацыі, у прыватнасці, з удзелам прэзідэнтаў Славеніі, Харватыі, Македоніі і Чарнагорыі ўжо зробленыя. "Тут будзе прадстаўлена ўся былая Югаславія, і гэта дапаможа нашаму народу лепш жыць. Гэта ваша вялікая заслуга", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.
Кіраўнік дзяржавы таксама прапанаваў разгледзець магчымасць рэалізацыі ў Беларусі яшчэ аднаго праекта з удзелам былых югаслаўскіх рэспублік. Нікаліч пазітыўна ацаніў гэту ініцыятыву, адзначыўшы, што было б добра, напрыклад, аднавіць сумесную вытворчасць прадукцыі, адзначае прэс-служба.
У гутарцы прэзідэнты коратка абмеркавалі вынікі цяперашняга трохдзённага візіту Нікаліча ў Беларусь. Так, напярэдадні яны правялі перамовы ў вузкім і пашыраным складзе. Кіраўнікі дзяржаў таксама падпісалі сумесную заяву, у якой падкрэслілі прыхільнасць Беларусі і Сербіі выкананню прынцыпаў міжнароднага права, азначылі прыярытэтныя кірункі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 20 лістапада 2015
Мінск, 20 лістапада 2015