Такі ўказ падпісаны прэзыдэнтам Украіны. Рашэньне аб прызначэньні Маскаля кіраўніком Закарпацьця было прынята напярэдадні на пасяджэньні Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Украіны (СНБА).
Генадзь Маскаль раней займаў пасаду начальніка ўпраўленьня МУС у Закарпацкай вобласьці. З чэрвеня 2001 году па верасень 2002 году ён быў губэрнатарам Закарпацкай вобласьці.
11 чэрвеня ў Закарпацкім горадзе Мукачава адбылася страляніна паміж прадстаўнікамі арганізацыі «Правы сэктар» і ўкраінскай міліцыяй. Ахвярамі перастрэлкі сталі тры міліцыянты, 11 былі параненыя. У «Правым сэктары» сьцьвярджалі, што змагаліся з кантрабандыстамі. У сувязі з тым, што адбылося, заведзеная крымінальная справа па артыкулах пра тэракт і ўдзел у злачыннай арганізацыі.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка сам зьбіраецца ў рабочую паездку па Закарпацьці.
Радыё Свабода, 15 ліпеня 2015