"Згадзіцеся, што роля не толькі АБСЕ, але і іншых міжнародных арганізацый настолькі прыніжаная, што далей ужо няма куды", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
На думку кіраўніка дзяржавы, рэфармаванне ААН, АБСЕ і іншых арганізацый "ужо не проста наспела, а пераспела". "У адваротным выпадку гэтыя арганізацыі акажуцца проста маргінальнымі структурамі, якія ні на што не будуць уплываць", — сказаў ён.
"Магчыма, Сербіі ўдасца штосьці ў гэтым кірунку зрабіць. Калі вы замахняцеся хоць у нейкай частцы на вырашэнне гэтай праблемы, вы можаце разлічваць на наш удзел", — дадаў Лукашэнка.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што адчувае дваістае стаўленне да АБСЕ. З аднаго боку, паводле слоў Лукашэнкі, гэта вельмі патрэбная арганізацыя, асабліва "сёння, калі ў Еўропе фактычна разгарэўся ваенны канфлікт, фактычна ідзе вайна паміж проціборствуючымі бакамі". "З аднаго боку, патрэбная арганізацыя, якая павінны адыгрываць значную ролю менавіта ў арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе, з другога боку — недастатковая роля", — падкрэсліў ён.
У гэтым Лукашэнка бачыць віну самой арганізацыі і найперш кіраўнікоў дзяржаў АБСЕ. "Калі ўжо вайна, то, напэўна, у тэрміновым парадку павінны былі сабрацца кіраўнікі дзяржаў, абмеркаваць гэту праблему і прыняць нейкія меры, рашэнні. Не атрымаецца — хоць бы ў вочы сказаць усё тое, што адзін пра аднаго думаюць. Пакуль гэтага не адбываецца", — адзначыў беларускі кіраўнік.
У той жа час, дадаў ён, АБСЕ "спрабуе" і робіць неабходнае для ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны, наколькі гэта магчыма. "Але, канешне, з тымі паўнамоцтвамі, якія АБСЕ сёння мае, не маючы імпульсу ад кіраўнікоў дзяржаў, наўрад ці АБСЕ ў гэтай сітуацыі можа штосьці зрабіць", — падкрэсліў Лукашэнка.
Таму, лічыць ён, і з`яўляюцца новыя фарматы перамоў: нармандскія, берлінскія, мінскія і іншыя. "Усё гэта магло ўмясціцца ў адной арганізацыі — АБСЕ, і гэта яе функцыя", — заявіў кіраўнік дзяржавы.
У сваю чаргу Івіца Дачыч адзначыў, што Беларусь унесла велізарны ўклад у мірны працэс, бо ў Мінску сустракаюцца трохбаковая кантактная група і яе рабочыя падгрупы, дасягаюцца шматлікія дамоўленасці, пагадненні.
Ён адзначыў, што Сербія, з`яўляючыся старшынёй АБСЕ, стараецца максімальна прыкласці намаганні, каб палітычны працэс развіваўся, асабліва ў пытаннях, звязаных з Украінай, але пры гэтым не забывае і пра іншыя замарожаныя канфлікты ў Еўропе.
Гаворачы пра беларуска-сербскія адносіны, Дачыч падкрэсліў, што яны вельмі дружалюбныя. "Мы прыхільныя развіццю нашых адносін ва ўсіх сферах: палітычнай, эканамічнай, навукова-культурнай, адукацыі, унутраных спраў, абароны", — сказаў ён.
Івіца Дачыч таксама перадаў кіраўніку дзяржавы прывітанне ад прэзідэнта Сербіі Таміслава Нікаліча і прэм`ер-міністра гэтай краіны Аляксандра Вучыча, паведамляе прэс-служба.
Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 21 ліпеня 2015
Мінск, 21 ліпеня 2015