Афіцыйны Кіеў нагадвае, што дамоўленасці базіруюцца на плане прэзідэнта Пятра Парашэнкі па мірным урэгуляванні сітуацыі ў Данбасе і ўключаюць усе асноўныя элементы, неабходныя для "найхутчэйшай дээскалацыі сітуацыі, яе стабілізацыі і пачатку адраджэння Данбаса, а іменна: спыненне агню, аднаўленне ўкраінскага кантролю на ўкраінска-расійскай дзяржаўнай мяжы, поўны і неадкладны вывад замежных войскаў і наёмнікаў, забеспячэнне выхаду на лінію размежавання ад 19 верасня 2014 г., адвод цяжкага ўзбраення, вызваленне заложнікаў і асоб, якія ўтрымліваюцца незаконна, паляпшэнне гуманітарнай сітуацыі ў рэгіёне і правядзенне мясцовых выбараў па ўкраінскім заканадаўстве".
МЗС таксама паведамляе, што 13 лістапада 2014 года прадстаўнікі Украіны і Расіі падпісалі рабочы дакумент, які прадугледжваў "дакладны графік імплементацыі палажэнняў мінскага мемарандума, у прыватнасці, у частцы забеспячэння двухбаковага спынення агню, адводу цяжкага ўзбраення і вяртання на лінію размежавання".
"Расійскі бок адазваў свой подпіс пад гэтым дакументам. Сёння Украіна ў чарговы раз звярнулася да Расійскай Федэрацыі з прапановай падпісаць графік імплементацыі мінскіх дамоўленасцей менавіта ў рэдакцыі ад 13 лістапада і забяспечыць спыненне агню з 19 студзеня", — гаворыцца ў заяве.
"Упэўнены, што гэта дазволіць неадкладна спыніць агонь і засцерагчы мірнае насельніцтва рэгіёна ад абстрэлаў баевікоў, чым яны займаюцца чатыры апошнія месяцы, — падкрэсліваецца ў дакуменце. — Пачатак няўхільнага выканання гэтага дакумента створыць належныя ўмовы для правядзення ўжо ў хуткім часе кансультацый трохбаковай кантактнай групы, сустрэчы міністраў замежных спраў Украіны, Францыі, Германіі і Расіі, а ў далейшым — саміту кіраўнікоў гэтых дзяржаў і ўрадаў у Астане. Патрабуем, каб нарэшце гэты план быў выкананы".
Украінскі бок "гатовы ўдзельнічаць у кансультацыях трохбаковай кантактнай групы з падпісантамі мінскіх пагадненняў у любы час, што было наглядна прадэманстравана падчас скайп-канферэнцый 19 снежня 2014 г. і 9 студзеня 2015 г., а таксама апошняй сустрэчы кантактнай групы ў Мінску 24 снежня 2014 года".
МЗС зазначае, што прэзідэнт Расіі "неаднаразова пацвярджаў сваю прыхільнасць да імплементацыі мінскіх дамоўленасцяў у поўным аб`ёме і без выключэнняў". Украіна "няўхільна выконвае ўсе пункты мінскіх пагадненняў і патрабуе гэтага ад Расіі".
Украінскае знешнепалітычнае ведамства выступіла ў адказ на заяву МЗС РФ, якая з`явілася некалькімі гадзінамі раней і ў якой гаворыцца, што расійскі бок "дабіваецца няўхільнага выканання мінскіх дамоўленасцяў". Масква абвінаваціла Кіеў у зрыве чарговай сустрэчы кантактнай групы ў Мінску 16 студзеня, нарошчванні ваеннай прысутнасці на паўднёвым усходзе Украіны, абстрэлах Данецка і іншых населеных пунктаў.
"15 студзеня г.г. прэзідэнт Расіі У.У.Пуцін накіраваў прэзідэнту Украіны П.А.Парашэнку пасланне наконт неабходнасці няўхільнага выканання бакамі канфлікту рэжыму "цішыні" і выканання дамоўленасці аб адводзе цяжкай артылерыі ад лініі судакранання... У межах расійска-ўкраінскага сумеснага цэнтра па кантролі і каардынацыі ўкраінскаму боку былі перададзены канкрэтныя прапановы з пагадзінным графікам такога адводу цяжкіх узбраенняў. Адказ на пасланне У.У.Пуціна дагэтуль не атрыманы, а ўкраінскія сілавікі перададзеныя ім прапановы адхілілі і аднавілі артабстрэлы Данецка, ствараючы прамую пагрозу жыццю мірных грамадзян і назіральнікаў місіі АБСЕ", — заявіла расійскае МЗС.
Прычынай для чарговага раўнда дыпламатычнай барацьбы стала абвастрэнне сітуацыі ў Данецкім аэрапорце, які з мая мінулага года часткова кантралююць украінскія ваенныя і добраахвотнікі. На думку Масквы, у адпаведнасці з мінскімі дамоўленасцямі аэрапорт павінен адысці гэтак званым апалчэнцам.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 19 студзеня 2015
Мінск, 19 студзеня 2015