Міністры замежных спраў Украіны, Расіі, Германіі і Францыі 9 студзеня абмяркуюць дзейнасць трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе, а менавіта "прагрэс у кансультацыях з Данецкам і Луганскам".
Паводле слоў Макеева, міністры могуць пагутарыць па тэлефоне. Яшчэ адной тэмай размовы стане падрыхтоўка дакумента для сустрэчы чатырох прэзідэнтаў у Астане 15 студзеня, якую 29 снежня анансаваў кіраўнік украінскай дзяржавы Пётр Парашэнка.
Макееў таксама паведаміў, што трохбаковая кантактная група (Украіна — АБСЕ — Расія) "збярэцца і правядзе кансультацыі з Данецкам і Луганскам, каб пацвердзіць мінскія дамоўленасці". Дату сустрэчы дыпламат не назваў. Апошні раз група збіралася ў Мінску 24 снежня. Сустрэча, запланаваная на 26 снежня, не адбылася.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 6 студзеня 2015
Мінск, 6 студзеня 2015