https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


На XXXV з`ездзе Саюза камуністычных партый — КПСС 1 лістапада ў Мінску камуністы постсавецкіх краін заявілі аб неабходнасці згуртавання патрыятычных сіл


"Прыйшоў час згуртоўваць усе дзяржаўна-патрыятычныя сілы свету, змагацца з фашызмам у адзіночку вельмі складана", — заявіў журналістам лідар КПРФ Генадзь Зюганаў, каментуючы правядзенне ў Мінску XXXV з`езда СКП-КПСС.
"Сёння фашызм, які зарадзіўся ў Еўропе і які пагражае свету сёння на Украіне, патрабуе кансалідацыі патрыятычных сіл. Сённяшні з`езд паказвае, што мы будзем асноўнай сілай, якой баяцца ідэолагі фашызму", — сказаў ён. 

Зюганаў падкрэсліў, што сённяшні з`езд праходзіць "на гераічнай зямлі братэрскай нам Беларусі". "Сёння мы падвялі вынікі сваёй дзейнасці за апошнія пяць гадоў. За гэты час наш саюз умацаваўся і стаў, па сутнасці, самай буйной арганізацыяй у свеце", — заявіў расійскі палітык. 

Лідар КПРФ паведаміў, што сёння на з`ездзе будзе прынята рэзалюцыя ў падтрымку Украіны. "Мы хочам паказаць сваю згуртаванасць, каб адправіць нацызм, які зараджаецца ва Украіне, у небыццё", — адзначыў Зюганаў. 

На думку лідара ўкраінскай Камуністычнай партыі Пятра Сіманенкі, ва Украіне, як у трыццатыя гады ў Германіі, устаноўлены "нацыянал-дыктатарскі рэжым пры падтрымцы алігархаў". Паводле яго слоў, украінскі народ па выніках выбараў у Вярхоўную раду, у склад якой не прайшлі камуністы, "упершыню страціў тую сілу, якая абараняе яго інтарэсы". 

Кіраўнік Камуністычнай партыі Беларусі Ігар Карпенка заявіў журналістам, што правядзенне юбілейнага з`езда СКП-КПСС у Мінску "гаворыць аб інтарэсе патрыятычных сіл свету да нашай краіны". "Беларусь не скацілася ў бездань адвольнай прыватызацыі, у нас захавалася вытворчасць, мы не бачым дзікага расслаення даходаў насельніцтва. У нас праводзіцца сацыяльна арыентаваная палітыка", — падкрэсліў Карпенка. 

У з`ездзе ўдзельнічае каля 100 дэлегатаў з паўтара дзясяткаў камуністычных партый постсавецкіх краін. Мінск не выпадкова выбраны месцам правядзення юбілейнага з`езда: менавіта тут адбыўся першы з`езд РСДРП (Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя).

Прывітанне дэлегатам і гасцям XXXV з`езда Саюза камуністычных партый накіраваў Аляксандр Лукашэнка. "Сёння вашы партыі па-ранейшаму адстойваюць ідэю сацыялістычнага развіцця, абараняюць правы і інтарэсы простага чалавека, — адзначыў Лукашэнка. — Упэўнены, што вашы намаганні будуць і надалей накіраваны на барацьбу за справядлівасць і роўнасць магчымасцей, мірнае жыццё, права нацый на самавызначэнне".

Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 1 лістапада 2014
 
Дата публикации:01.11.2014
Тематика:Новости, В мире
Просмотров:873
 
Ключевые слова:
Компартия Геннадий Зюганов
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме