«Гэта немагчыма ні з боку НАТО, бо Альянс аказвае вайсковую дапамогу толькі сваім сябрам, і гэта добра вядома, ні з боку Эўразьвязу, якому не хапае магутнасьцяў, каб забясьпечыць такую падтрымку» – сказаў фінскі міністар.
Паводле яго, ключавым пытаньнем зьяўляецца цьвёрдае гарантаваньне перамір`я. Ці гатовыя прарасейскія сэпаратысты ва ўсходняй Украіне да спыненьня агню – гэта «пытаньне на тысячу эўра», адзначыў ён, дадаўшы, што пакуль перамовы па гэтым пытаньні не прынесьлі плёну.
Кіраўнік ураду Фінляндыі адзначыў, што Эўразьвяз і Расея перажываюць зацяжны пэрыяд далікатных адносін.
«Гэта ў нашых інтарэсах, каб сьцены паміж Расеяй і Захадам былі як мага ніжэйшыя. Гэта тое, да чаго трэба імкнуцца, аднак, на жаль, мы яшчэ далёкія ад дасягненьня гэтай мэты» – сказаў Аляксандар Стуб.
На мінулым тыдні міністар замежных справаў Украіны Павал Клімкін зьвярнуўся да ЭЗ і NATO па вайсковую дапамогу для сваёй краіны.
Аб гэтым кіраўнік МЗС Украіны паведаміў у інтэрвію нямецкаму радыё Deutschlandfunk.
Паводле Клімкіна, зараз патрэбная ня толькі палітычная падтрымка, але і вайсковая.
Таксама кіраўнік МЗС адзначыў, што існуе сур`ёзная пагроза ўварваньня з боку Расеі: украінскія войскі бесьперапынна абстрэльваюцца з тэрыторыі суседняй дзяржавы, не спыняецца і падтрымка сэпаратыстаў, праз КПП, якія не кантралюе Ўкраіна, ідзе пастаянны паток баевікоў, зброі і тэхнікі.
Разам з тым міністар падкрэсьліў, што аб уступленьні Ўкраіны ў НАТО пакуль гаворкі не вядзецца.
Радыё Свабода, 18 жніўня 2014