https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Андрэй Саннікаў лічыць Вільнюскі мемарандум апазіцыі "некампетэнтным, шкодным і небяспечным"


Лідар кампаніі "Еўрапейская Беларусь", экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі і былы палітзняволены Андрэй Саннікаў у інтэрв`ю беларускай службе "Радыё Свабода" растлумачыў, чаму не стаў падпісваць мемарандум апазіцыі, прыняты ў Вільнюсе 3 лістапада.
Як зазначыў Саннікаў, арганізатары сустрэчы, на якой быў прыняты мемарандум, "не дапусцілі да перамоў прадстаўніка "Еўрапейскай Беларусі". Апрача таго, паводле слоў палітыка, "так дакументы не робяць".

"Я прафесійна глядзеў гэты мемарандум, і хачу сказаць, што так дакументы наогул не робяць. Той, хто яго чытаў, можа заўважыць, што гэта проста некампетэнтны дакумент. А я лічу, што ён яшчэ і небяспечны, таму што там ёсць рэчы, якія скіраваныя не на абарону незалежнасці Беларусі, а супраць", — мяркуе экс-кандыдат у прэзідэнты.

Саннікаў нязгодны з тым, што пытанне аб вызваленні палітзняволеных пастаўлена ў дакуменце толькі ўскосна: "Я мяркую, што зараз такая сітуацыя, што кожную сустрэчу трэба выкарыстоўваць для таго, каб запатрабаваць вызвалення палітзняволеных і пайменна ўсіх іх называць, бо ідуць пэўныя гульні, каб кагосьці лічыць палітзняволеным, а кагосьці — не. Гэтым павінна пачынацца і заканчвацца любая сустрэча".

"Другое — тое, што там гаворыцца пра самаізаляцыю Беларусі", — зазначыў палітык. На яго думку, насамрэч самаізаляцыі Беларусі няма, "ёсць самаізаляцыя дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі". І гэта, мяркуе Саннікаў, — "дасягненне ўсіх палітычных сіл, усёй апазіцыі, таму што і грамадскія дзеячы, і палітыкі сустракаюцца на самым вышэйшым узроўні з еўрапейцамі, амерыканцамі, з палітыкамі Расіі, Украіны".

Апрача таго, звярнуў увагу Саннікаў, у мемарандуме ўтрымліваецца патрабаванне гарантый незалежнасці Беларусі. "Быццам бы ніхто не ведае, што гэтыя гарантыі былі атрыманы намі ў 1994 годзе. І я не думаю, што тыя, хто рыхтаваў гэты дакумент, не ведалі пра гэта. Я мяркую, што гэта было зроблена наўмысна. Я б проста звольніў тых людзей, хто гэтым займаўся. Таксама там згадваецца аўтарытарны рэжым, а не таталітарны ці дыктатура, і шмат іншых рэчаў. Я лічу, што мемарандум проста небяспечны. Падпісвацца пад такімі небяспечнымі рэчамі я проста не магу і з прафесійнага пункту гледжання, і з пункту гледжання маралі", — заявіў лідар "Еўрапейскай Беларусі".

Саннікаў мяркуе, што ніякай каардынацыі ў межах мемарандума не адбудзецца. Разам з тым, зазначыў ён, у "Еўрапейскай Беларусі" "ёсць разуменне, што такое Рада БНР". "Мы заўсёды паважліва ставіліся да яе як да сімвала нашай гісторыі, да таго органа, які павінен будзе сімвалічна зацвердзіць дэмакратызацыю і незалежнасць Беларусі ў найбліжэйшай будучыні", — сказаў палітык.

Мемарандум "Аб мерах па забеспячэнні незалежнасці Беларусі" быў прыняты 3 лістапада ў Вільнюсе на сустрэчы лідараў апазіцыйных партый і НДА са старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкай Сурвілай.

Сутнасць яго заключаецца ў каардынацыі дзейнасці ўсіх апазіцыйных палітычных і грамадскіх структур унутры Беларусі і за мяжой з мэтай вызвалення і рэабілітацыі палітзняволеных, спынення палітычных рэпрэсій у краіне, забеспячэння свабоды СМІ, "дэмантажу рэпрэсіўнага апарату" і, як вынік, "правядзення свабодных выбараў".

Падпісанты мемарандума пацвярджаюць сваё прызнанне Рады БНР як "непартыйнага надпалітычнага органа беларускай гістарычнай дзяржаўнасці", а таксама бяруць абавязак каардынаваць з ёю сваю дзейнасць для дасягнення акрэсленых у дакуменце задач.

На сёння мемарандум падпісалі прадстаўнікі 14 апазіцыйных партый і арганізацый. Дакумент застаецца адкрытым для далучэння.

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 13 лістапада 2012
 
Дата публикации:13.11.2012
Тематика:Новости, В мире
Просмотров:2246
 
Ключевые слова:
Меморандум оппозиции Выборы Независимость
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме