https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Перагляд спісаў неўязных?


"Офіс за дэмакратычную Беларусь" (Брусель) прапаноўвае скараціць спіс неўязных у Еўрасаюз беларускіх чыноўнікаў.
Кіраўнік "Офіса за дэмакратычную Беларусь" Вольга Стужынская 1 лютага заявіла "Еўрарадыё", што размова ідзе пра перагляд, перш за ўсё, крытэрыяў уключэння ў "чорны спіс". З яго, у прыватнасці, прапаноўваецца выключыць рэктараў беларускіх ВНУ. На думку Стужынскай, гэта тлумачыцца неабходнасцю рэфармавання сферы вышэйшай адукацыі Беларусі.

"Офіс за дэмакратычную Беларусь" таксама прапаноўвае выкрасліць са спісу імя бізнесмена Уладзіміра Пефціева, уключэнне якога ў спіс неўязных ЕС абгрунтаваў тым, што ён з`яўляецца ключавым спонсарам беларускага рэжыму.

"Чаму гэты бізнесмен? Не таму, што ён вінаваты або невінаваты... Але чаму менавіта толькі ён? На якіх падставах быў выбраны толькі гэты чалавек? Тады трэба ўключаць шэраг іншых людзей. Большасць прозвішчаў у спісе — гэта пераважна катэгорыі, і пытанні па катэгорыях, а не па прозвішчах", — растлумачыла Стужынская.

Каментуючы БелаПАН гэту ініцыятыву, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Віталь Рымашэўскі заявіў: скарачэнне колькасці неўязных у краіны ЕС беларускіх чыноўнікаў паставіць пад сумненне ўвесь спіс.

Паводле інфармацыі Рымашэўскага, да ідэі скарачэння спісу "прыклалі руку" некаторыя апазіцыйныя беларускія палітыкі. Аднак хто менавіта, ён называць не стаў, зазначыўшы толькі, што "гэтыя людзі не першы дзень у палітыцы, і іх імёны ва ўсіх на слыху".

"Варта зазначыць, што сам "Офіс за дэмакратычную Беларусь" нічога не вырашае, а Вольга Стужынская і яе структура выконваюць запыты беларускай апазіцыі. Так што, Вольга не нясе на сабе адказнасці за гэту прапанову", — заявіў экс-кандыдат у прэзідэнты.

Ён падкрэсліў, што "ўвядзенне нават такіх санкцый еўрапейскім палітыкам далося з вялікай цяжкасцю", і "не так проста займаць прынцыповую пазіцыю", улічваючы, што ў ЕС уваходзяць "27 краін са сваімі інтарэсамі". "Зараз ініцыятыва аб скарачэнні спісу можа паставіць пад сумненне ўвесь спіс неўязных", — мяркуе Рымашэўскі.

Пры гэтым, зазначыў ён, спіс мае патрэбу ў карэкціроўцы, таму што ў ім ёсць асобы, якія ўжо памерлі.

Палітычнае рашэнне аб візавых і эканамічных санкцыях адносна Беларусі было прынята Саветам ЕС 31 студзеня  2011 года ў Бруселі, калі міністры замежных спраў краін Еўрасаюза зацвердзілі спіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. Гэтым асобам забаронена наведваць тэрыторыю ЕС, а іх рахункі і маёмасць у краінах ЕС павінны быць замарожаныя. Першапачаткова ў спісе было 158 імён. Потым Савет ЕС неаднаразова пашыраў гэты пералік, і зараз уезд у ЕС забаронены больш чым 200 беларускім чыноўнікам.

23 студзеня 2012 года міністры замежных спраў краін ЕС пашырылі крытэрыі ўключэння беларускіх чыноўнікаў у спіс асоб, якія падпадаюць пад санкцыі.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, разглядаецца пытанне аб уключэнні ў спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЕС і чые актывы павінны быць замарожаныя, яшчэ 135 асоб, а таксама магчымасць пашырэння пераліку беларускіх прадпрыемстваў, чые актывы будуць замарожаныя і аперацыі з якімі будуць забароненыя.

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 2 лютага 2012
 
Дата публикации:02.02.2012
Тематика:Новости, В мире
Просмотров:2749
 
Ключевые слова:
Беларусь - Евросоюз Санкции Евросоюза
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме