https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Прадстаўніцтвы беларускай палітычнай эміграцыі заклікалі Еўрасаюз узмацніць санкцыі ў дачыненні да Беларусі


Заява зроблена ў сувязі з ініцыятывай "Офіса за дэмакратычную Беларусь" перагледзець спіс неўязных чыноўнікаў, выключыўшы з яго рэктараў дзяржаўных ВНУ, бізнесмена Пефціева і некаторых іншых асоб.
Ініцыятыву перагляду спіса абнародавала 1 лютага кіраўнік офіса Вольга Стужынская. Яе словы выклікалі негатыўную рэакцыю ў дэмакратычных колах Беларусі.

"У сувязі са спробай пэўных структур правесці лабісцкія мерапрыемствы па адвольнай карэкціроўцы спіса асоб, у дачыненні да якіх прыняты абмежавальныя санкцыі ў межах афіцыйнай палітыкі Еўрасаюза да дыктатарскага рэжыму, што ўстанавіўся ў Беларусі, а таксама з-за відавочна наспелай неабходнасці праяснення пазіцыі беларускай дэмакратычнай супольнасці па гэтым пытанні, беларускія грамадзянскія і палітычныя прадстаўніцтвы за мяжой заяўляюць аб недапушчальнасці "абялення" рэпутацыі пасобнікаў дыктатуры, прызнаных такімі ўключэннем у "чорныя спісы" ЕС", — гаворыцца ў сумеснай заяве цэнтраў беларускай палітэміграцыі.

Арганізацыі, якія падпісалі дакумент, "рашуча адмежаваліся" ад ініцыятывы "Офіса за дэмакратычную Беларусь" і назвалі гэту ініцыятыву "безадказнай і амаральнай".

"Аргументацыя зняцця візавых абмежаванняў з рэктараў універсітэтаў не вытрымлівае крытыкі: гэтыя асобы, пастаўленыя дыктатарам на свае пасады, адказныя за факты выключэння студэнтаў па палітычных матывах, прымушэнне іх да датэрміновага галасавання, за прамыя і непрамыя забароны на ўдзел у грамадска-палітычнай дзейнасці, іншы націск на студэнтаў", — гаворыцца ў заяве.

Яго аўтары патрабуюць ад "Офіса за дэмакратычную Беларусь" тлумачэнняў "з нагоды лабіравання інтарэсаў зброевага барона Уладзіміра Пефціева". "Разважанні аб крытэрыях трапляння ў спіс неўязных не вытрымліваюць крытыкі — з боку Стужынскай было б правільным задацца пытаннем аб крытэрыях трапляння беларускіх дэмакратычных актывістаў у турмы, што ўтрымліваюцца на сродкі, заробленыя для рэжыму ў тым ліку Пефціевым", — зазначаецца ў заяве.

"Лічым неабходным пашырыць спіс неўязных у Еўрасаюз за кошт асоб, адказных за рэпрэсіі ў дачыненні да Алеся Бяляцкага, за катаванні і здзекі над кандыдатамі ў прэзідэнты на выбарах 2010 г. Андрэем Саннікавым, Мікалаем Статкевічам, палітычнымі і грамадскімі дзеячамі Дзмітрыем Бандарэнкам, Дзмітрыем Дашкевічам, Эдуардам Лобавым, Сяргеем Каваленкам, прадпрымальнікам Мікалаем Аўтуховічам і іншымі палітзняволенымі", — падкрэсліваецца ў заяве.

Яе аўтары лічаць, што санкцыі павінны закрануць кіраўніцтва магілёўскай турмы № 4, калоніі "Віцьба-3", бабруйскай калоніі № 2, а таксама "алігархаў, якія цесна звязаны з рэжымам".

"Мы настойваем на крымінальным пераследзе высокапастаўленых чыноўнікаў рэжыму Лукашэнкі, адказных за парушэнне Канвенцыі ААН супраць катаванняў, за знікненне лідараў апазіцыі, грамадскіх дзеячаў, журналістаў. Патрабуем увядзення кропкавых эканамічных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі", — гаворыцца ў заяве.

Пад тэкстам заявы, распаўсюджанай 3 лютага, падпісаліся Грамадзянскае і палітычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Літве, Таварыства беларускай культуры ў Літве, Беларускі дом у Варшаве, Беларускі цэнтр ва Украіне (Львоў), Офіс беларускай палітычнай эміграцыі (Бельгія), грамадзянская кампанія Free Belarus Now (Вялікабрытанія), фонд "Мы памятаем" (ЗША), Каардынацыйны цэнтр у Рызе для беларускай грамадзянскай супольнасці, "Саюз Чарнобыль-Беларусь" (Кіеў).

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 3 лютага 2012
 
Дата публикации:03.02.2012
Тематика:Новости, В мире
Просмотров:2734
 
Ключевые слова:
Санкции Евросоюза Политическая эмиграция Беларусь
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме