У прыватнасці, мяркуе палітык, персанальныя візавыя санкцыі неабходна "значна пашырыць на фальсіфікатараў выбараў і арганізатараў рэпрэсій". Пры гэтым ён збіраецца назваць канкрэтныя чыноўніцкія пасады, якія павінны быць уключаны ў спіс.
Мілінкевіч мяркуе, што ў адказ на масавае парушэнне правоў чалавека ў Беларусі Еўрасаюзу варта замарозіць адносіны з беларускімі ўладамі. У прыватнасці, замарожванне адносінаў павінна прадстаўляць сабой "прыпыненне рэалізацыі праграм дапамогі еўрапейскіх і міжнародных фінансавых інстытутаў, якія рэалізуюцца праз дзяржаўныя структуры Беларусі", цытуе прэс-служба лідара руху.
Для аднаўлення і працягу дыялогу з Еўрасаюзам, мяркуе Мілінкевіч, улады Беларусі павінны вызваліць усіх палітзняволеных, спыніць пераслед дэмакратычных актывістаў і незалежных СМІ, а таксама аднавіць дзейнасць офіса АБСЕ ў Мінску.
Палітык мяркуе, што беларускія ўлады павінны ўлічыць рэкамендацыі місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ, асабліва ў дачыненні да гарантаванага ўключэння прадстаўнікоў дэмакратычных кандыдатаў у выбарчыя камісіі, празрыстасці датэрміновага галасавання і падліку галасоў.
Разам з тым, на думку Мілінкевіча, найбольш эфектыўным адказам на палітычныя рэпрэсіі ўладаў была б "падтрымка грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, у тым ліку тых, якія вяшчаюць з тэрыторыі ЕС". Апрача таго, "вельмі важным пазітыўным крокам з боку Еўрасаюза будзе аднабаковае зніжэнне кошту шэнгенскіх віз з 60 да 35 еўра, а таксама спрашчэнне працэдур іх атрымання".
Апрача Мілінкевіча, на пасяджэнні Еўрапарламента будуць прысутнічаць і іншыя лідары беларускай апазіцыі.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 11 студзеня 2011