Каровіна малако здаўна лічыцца адным з найлепшых натуральных сродкаў ад бяссоньня. Нашы бабулі раілі ўсім, хто меў праблемы са сном, выпіць нанач шклянку цёплага малака, дадаўшы туды некалькі кропляў мёду ці травяной гарбаты. Гэта ня толькі падмацоўвае арганізм неабходнымі амінакіслотамі, але і дапамагае расслабіцца.
Нядаўна карысьць гэтага напою ў барацьбе зь бяссоньнем даказалі і нямецкія навукоўцы. Як паказалі іхнія досьледы, каровіна малако, прычым начной дойкі, утрымлівае павышаную колькасьць мэлятаніну. Гэты гармон адказвае за розныя біялягічныя працэсы, зьвязаныя са зьменай дня і ночы — перадусім за сон, а таксама за страваваньне, працу клетак галаўнога мозгу, дынаміку старэньня арганізму, функцыянаваньне імуннай сыстэмы і гэтак далей. Лічыцца, што ва ўсіх сысуноў мэлятанін вырабляецца менавіта ў цемры. У кароў ён трапляе ня толькі ў кроў, але і ў малако. Баварская кампанія Milchkristalle запатэнтавала новы адмысловы сродак на аснове начнога малака для тых, хто пакутуе ад бяссоньня.
Ад недахопу мэлятаніну мужчына можа заўчасна памерці
Як сьведчаць нямецкія навукоўцы, апошнім часам бяссоньне стала адной з асноўных праблемаў нэрвовай сыстэмы. У Нямеччыне і ў іншых разьвітых краінах Захаду праблемы са сном мае кожны трэці. Паводле дасьледаваньняў, які праводзіліся супрацоўнікамі мэдычнага ўнівэрсытэту штату Пэнсільванія (ЗША), хранічны недахоп сну асабліва небясьпечны для мужчын. Працяглы час назіраючы за станам здароўя мужчын сярэдняга веку, амэрыканскія дасьледчыкі заўважылі: тыя, хто спаў менш як 6 гадзін за ноч, паміралі амаль у 4,5 разы часьцей за тых, хто меў магчымасьць добра высыпацца. Таму навукоўцы лічаць, што бессань варта абавязкова лячыць. Прычым пачынаць змагацца з праблемай трэба ня з моцных лекаў, а з народных сродкаў — таго ж малака.
Распрацоўваючы разам зь мюнхэнскімі навукоўцамі напой пад назвай "соннае малако", прадстаўнікі кампаніі Milchkristalle высьветлілі, што калі даіць кароў у час ад другой гадзіны ночы да чацьвёртай раніцы, то малако будзе ўтрымліваць у 25 разоў болей мэлятаніну, чым звычайнае малако.
Новае жыцьцё баварскіх кароў
Каб павысіць утрыманьне мэлятаніну ў малацэ, для баварскіх кароў цяпер будуць створаныя ўмовы спэцыяльнага начнога асьвятленьня. Абысьціся цалкам без асьвятленьня ўначы не атрымаецца, бо ў поўнай цемры каровы адчуваюць страх і пачынаюць хвалявацца. Тады пра падвышанае ўтрыманьне мэлятаніну можна забыцца.
Другая тэхналягічная асаблівасьць вытворчасьці новага малочнага прадукту — гэта ўзбагачэньне кармоў трыптафанам, амінакіслатой, якая ўваходзіць у склад харчовых бялкоў. Менавіта дзякуючы яму ў каровіным малацэ зьяўляецца карысны гармон, які дапамагае чалавеку засынаць.
Апошняя вынаходка нямецкіх дасьледчыкаў, аднак, ня выклікала энтузіязму сярод экспэртаў спажывецкага рынку. Гучаць аргумэнты, што ў "сонным" малацэ ўтрымліваецца значна менш мэлятаніну, чым у тых прэпаратах, якія накіраваныя на барацьбу зь бяссоньнем. Нібыта, каб атрымаць такую колькасьць мэлятаніну, што ўтрымліваецца ў таблетках, пацыенту, які хоча заснуць, давядзецца ўжыць два мільёны порцый сухога малочнага парашку.
Паводле ўнівэрсытэцкіх навукоўцаў з Бэрліну, людзям, якія пакутуюць на бяссоньне, ня варта чакаць баварскага начнога малочнага прадукту, які зьявіцца ў продажы невядома калі, а лепш надалей піць нанач звычайнае малако.
22 кастрычніка 2010
Радыё Свабода