Прыляцеўшы ў горад Ош для ацэнкі памераў разбурэньняў і нанесенай людзям шкоды, Атунбаева паабяцала, што ўсё разбуранае будзе адноўленае і ўцекачы вернуцца дадому:
“Мы хочам даць пэрспэктыву, надзею на тое, што мы ўзьнімем гэты горад, мы абавязкова вернем усіх уцекачоў назад, будзем ствараць усе ўмовы для гэтага. Я думаю, што ўвесь сьвет нам будзе дапамагаць, бо ў нас ёсьць добрая воля жыць у міры, жыць у сяброўстве – два народы”.
У апублікаваным сёньня інтэрвію Атунбаева выказала боязь, што колькасьць ахвяраў можа быць у дзесяць разоў большая за афіцыйныя лічбы, паводле якіх у выніку канфлікту загінула 190 і было паранена каля 2000 чалавек.
Паводле ацэнак ААН, каля 400 тысячаў чалавек пакінулі сваё жытло ў Ошаўскай і Джалал-абадзкай абласьцях.
Суседні Ўзьбекістан прыняў як найменей 75 тысячаў уцекачоў, якія сталіся аб`ектам нападаў узброеных кіргізаў у сваіх дамох на поўдні Кіргізстану.
Уцекачы былі разьмешчаныя ў імправізаваных лягерах у памежнай з Кіргізстанам Андыжанскай вобласьці Ўзьбекістану.
Сёньня лягеры ўцекачоў у Андыжанскай вобласьці наведаў Робэрт Блэйк, памочнік дзяржсакратара ЗША ў справах Паўднёвай і Цэнтральнай Азіі. Ён заявіў, што вельмі важна правесьці расьсьледаваньне міжэтнічнага канфлікту ў паўднёвым Кіргізстане.
“Аднак, улічваючы вялікую колькасьць узьбецкіх уцекачоў ва Ўзьбекістане, чые сьведчаньні мусяць быць пачутыя, афіцыйнае кіргіскае расьсьледаваньне мусіць суправаджацца незалежным расьсьледаваньнем”, – дадаў Блэйк.
Блэйк заклікаў кіргіскія ўлады “пакласьці канец гвалту і патоку ўцекачоў”.
Тым часам працягвае пашырацца інфармацыя пра зьбіцьцё, катаваньні і згвалтаваньні групамі кіргізаў этнічных узьбекаў.
Пік гвалту ўжо прамінуў, аднак паасобныя напады і рабункі працягваюцца. Карэспандэнт Радыё Свабода ў Ошы бачыў сёньня, як невялікія групы ўзьбецкіх жанчын накіроўваліся да ўзьбецкай мяжы.
Карэспандэнт нашага радыё Джанарбек Акаеў, які асьвятляў візыт Розы Атунбаевай у Ош, паведаміў, што вялікая колькасьць мясцовых жыхароў сабралася сёньня ў цэнтры гораду, каб выказаць свой гнеў і незадавальненьне сытуацыяй у рэгіёне.
У выніку канфлікту, які выбухнуў 11 чэрвеня, многія кварталы Ошу стаяць у руінах. Шмат будынкаў, у тым ліку культурныя і дзелавыя ўстановы, крамы і рэстараны, а таксама прыватныя дамы былі падпаленыя.
Сярод ахвяраў канфлікту былі і кіргізы, аднак бальшыня нападаў была скіраваная супраць этнічных узьбекаў.
Наш карэспандэнт Брус Панье, які гэтымі днямі працуе ў Ошы, заўважыў знакі прымірэньня паміж кіргізамі і ўзьбекамі, калі вернікі сабраліся сёньня для пятнічнай малітвы ў мячэці імама Аль-Бухары.
Часовы ўрад Кіргізстану, які прыйшоў да ўлады сёлета ў красавіку, змагаецца за кантроль над поўднем краіны, дзе зрынуты прэзыдэнт Курманбек Бакіеў мае найбольшую падтрымку.
Урад Бакіева быў адхілены ад улады ў выніку народнага паўстаньня. Прадстаўнікі часовага ўраду абвінавачваюць прыхільнікаў Бакіева ў распальваньні і фінансаваньні канфліктаў на поўдні краіны. Сам Бакіеў неаднаразова зьняпраўджваў гэтыя абвінавачаньні.
18.06.2010 Радыё Свабода Сяргей Шупа