Законапраект аб заснаванні дня памяці палякаў, якія загінулі падчас Валынскай разні, быў унесены ў парламент Польскай народнай партыяй і надзяляе Нацыянальны дзень памяці статусам дзяржаўнага свята.
У дакуменце адзначаецца, што ў 1939-1946 гадах удзельнікі АУН і УПА, а таксама іншых украінскіх нацыяналістычных фармаванняў забілі больш за 100 тыс. палякаў і сотні тысяч прымусілі бегчы з тэрыторый, якія ўваходзілі ў склад Польшчы. Пік забойстваў прыйшоўся на лета 1943 года, а дата 11 ліпеня абраная сімвалічна. У гэты дзень украінскімі нацыяналістамі былі атакаваныя больш за сотню польскіх населеных пунктаў і забітыя тысячы чалавек.
«Пакутніцтва, выкліканае прыналежнасцю да польскай нацыі, заслугоўвае таго, каб яго ўвекавечылі ў форме дня, які штогод адзначаецца польскай дзяржавай, у які будзе ўшаноўвацца даніна памяці ахвярам», — гаворыцца ў тэксце законапраекта.
У 2016 годзе Сейм Польшчы прыняў рэзалюцыю аб прызнанні генацыдам Валынскай разні, здзейсненай украінскімі нацыяналістамі ў гады Другой сусветнай вайны. У адказ Вярхоўная рада прыняла заяву, у якой асудзіла рашэнне польскага Сейма, назваўшы яго «некарэктнай ацэнкай трагічных падзей».
У 2017 годзе ўкраінскі Інстытут нацыянальнай памяці прыпыніў эксгумацыю ахвяр Валынскай разні, што стала адной з прычын новага вітка напружанасці ў адносінах паміж Варшавай і Кіевам. Усе гэтыя гады паміж краінамі неаднаразова ўздымалася гэтае пытанне. У Польшчы заяўлялі, што Украіна «можа не марыць аб уступленні ў Еўрасаюз да эксгумацыі ахвяр Валынскай разні». Вясной 2025 года на Валыні аднавіліся эксгумацыйныя працы з удзелам экспертаў з Украіны і Польшчы.
Звязда, 5 чэрвеня 2025