https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Суседзі чытаюць па-беларуску


Знаёмства з беларускай кнігай на ХІV Вільнюскім міжнародным кніжным кірмашы.
"Заўсёды прыходжу паглядзець, што новага выдаецца ў нашых суседзяў беларусаў. І заўсёды знаходжу нешта цікавае для сябе. Летась мне вельмі спадабаўся трохтомнік "Энцыклапедыі Вялікага Княства Літоўскага". Зараз вачэй не магу адарваць ад цудоўнага альбома "Зямля Сілы", прысвечанага Белавежскай пушчы. Цікавыя кнігі прывезлі ў Вільнюс і Выдавецкі дом "Звязда", выдавецтвы "Беларусь", "Мастацкая літаратура", "Адукацыя і выхаванне", іншыя. Кнігавыданне ў Беларусі — на вельмі высокім узроўні", — сказаў карэспандэнту "Звязды" вядомы літоўскі мастацтвазнавец і кніжны графік Альбертас Вайдзіла, якога мы сустрэлі на Вільнюскім міжнародным кніжным кірмашы ў экспазіцыі выдавецтваў Беларусі.

"Я кожны год прыходжу да калег-беларусаў з выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі" і знаёмлюся з найноўшымі кнігамі. У іх выдатная задумка — серыя "Энцыклапедыі рарытэтаў". Мяне прыемна здзівілі ўжо першыя выданні серыі — "Радзівілы. Альбом партрэтаў ХVІІІ—ХІХ стст.", фотаальбом факсімільных акварэльных замалёвак "Дзмітрый Струкаў. Альбом малюнкаў. 1864—1867", "Жывая вера. Ветка", якія заслужана ўзнагароджваліся на розных міжнародных кніжных форумах", — сказаў карэспандэнту "Звязды" дырэктар Выдавецкага цэнтра навуковай літаратуры і энцыклапедый Літвы Рымантас Карэцкас.

Так, каля стэндаў, што экспануюць беларускую кнігу, заўсёды шмат людзей, спецыялістаў, кнігавыдаўцоў і проста чытачоў. Нягледзячы на тое, што побач сваё лепшае прадставілі кнігавыдаўцы з Польшчы і Расіі, Японіі і Германіі, іншых краін. Асноўная задача кірмашу застаецца ранейшай — падштурхнуць чалавека да чытання, каб ён атрымліваў радасць ад адкрыцця яшчэ не пазнанага свету. "Беларускія выдаўцы заўсёды актыўна ўдзельнічаюць у міжнародных кніжных кірмашах. Мы бяром удзел у Кіеўскім, Маскоўскім, Франкфурцкім і іншых кірмашах. Вядома ж, з задавальненнем прыязджаем і ў Вільнюс. Тым больш, што ў нас ёсць што паказаць. Па традыцыі, наш нацыянальны калектыўны стэнд "Кнігі Рэспублікі Беларусь" прадставяць вядучыя выдавецтвы краіны. Важна і тое, што мінулы год у Беларусі быў абвешчаны Годам кнігі. Гэта дапамагло павысіць ролю і значнасць кнігі і чытання ў нашым грамадстве, паспрыяла развіццю айчыннай літаратуры, — гаворыць начальнік упраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алена Паўлава.

Кірмаш — гэта заўсёды шмат людзей, шум і гам. Таму прэзентацыю выдання "Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава. 1911—1912" было вырашана правесці ў акадэмічным асяроддзі — у бібліятэцы Вільнюскага ўніверсітэта, тым больш што яна мела непасрэднае значэнне ў падрыхтоўцы выдання гэтай унікальнай кнігі. Аснову новага альбома складаюць здымкі беларускага этнографа Ісака Абрамавіча Сербава, якія былі зроблены навукоўцам падчас экспедыцыі па тэрыторыі Беларусі ў 1911—1912 гадах. Экспедыцыя праводзілася па заданні паўночна-заходняга аддзела Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства. Увазе чытачоў прадстаўлены 442 унікальныя фотаздымкі, якія адлюстроўваюць традыцыйную культуру гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Заходняга і Усходняга Палесся і паўночна-ўсходняй часткі Цэнтральнай Беларусі.

Генеральны дырэктар бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта Ірэна Крывіене і дырэктар Выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі" Таццяна Бялова раскрылі "таямніцы" сумеснага супрацоўніцтва. Бо калекцыя фатаграфій І. Сербава ў цяперашні час захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта. Большая частка фотаздымкаў у альбоме аддрукавана ў факсімільным фармаце. Здымкі суправаджаюцца каментарыямі на беларускай і англійскай мовах беларускага этнолага, кандыдата мастацтвазнаўства Вольгі Лабачэўскай, якая займалася іх вывучэннем, а таксама арыгінальнымі вытрымкамі з дарожных нататкаў самога Ісака Сербава. Альбом выдадзены пры падтрымцы бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта, Выдавецкага цэнтра навуковай літаратуры і энцыклапедый Літвы, а таксама Пасольства Беларусі ў Літве.

Складальнік гэтай цудоўнай кнігі Вольга Лабачэўская паведаміла і пра яшчэ адну цікавую дэталь. Аказваецца, што 100 гадоў таму перад фотакамерай І. Сербава стаяла і будучая бабуля пасла Беларусі ў Літве У. Дражына. На фота яна, маладая жанчына ў беларускім нацыянальным уборы, глядзіць на нас скрозь стагоддзе...

Вітаўтас Жэймантас, уласны карэспандэнт "Звязды" ў Літве
Вільнюс, 27 лютага 2013
 
Дата публикации:27.02.2013
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:1911
 
Ключевые слова:
Вільня Беларусь-Литва Белорусская книга Выставка Книжная ярмарка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме