https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Чэскі рэжысэр: «Беларуская мова — гэта такая сіла!»


Чэскі хрысьціянскі кінэматарафіст Отакара Шмідт лічыць, што беларусы нечым нагадваюць чэхаў, але больш за іх узьнёслыя. І што беларускасьць і беларускую мову немагчыма вынішчыць.
Отакара Шмідт (Otakaro Schmidt) — чэскі рэжысэр, сцэнарыст, актор і драматург. Паставіў сэрыю дакумэнтальных і дакумэнтальна-ігравых фільмаў, зьвязаных з хрысьціянскай тэматыкай. Здымкі для свайго апошняга фільму пра сьвятых прапаведнікаў Кірыла і Мяфодзія — стваральнікаў славянскай азбукі і царкоўнаславянскай мовы — Шмідт рабіў і ў Беларусі. Пра свае ўражаньні ад падарожжа ў Беларусь ён распавёў Чэскаму радыё.

У прыватнасьці, Отакара Шмідт сказаў:

Шмідт:
«У Беларусь мы паехалі з мантажысткай Янай Студнічкавай і з рэкамэндацыйным лістом ад кардынала Дамініка Дукі ня толькі дзеля таго, каб зьняць наведваньне Менскай катэдры фігуркай Дзіцятка Ісуса (Pražské Jezulátko) і зрабіць здымкі для фільму пра Кірыла і Мяфодзія, але і дзеля таго, каб зрабіць дакумэнтальны фільм пра кляштар у Полацку. У Полацку раней быў езуіцкі кляштар, але калі езуітаў забаранілі і ў Беларусі, дык тыя пакрылі свае абразы на сьценах тынкам, каб захаваць іх для будучых пакаленьняў. А цяпер праваслаўныя манашкі ў гэтым кляштары адкрылі тыя абразы або, калі гаварыць дакладна, фрэскі. І выявілася, што на іх ёсьць нешта, што нагадвае выяву Сьвятога Вацлава».

Мадэратарка: «Выява нашага Сьвятога Вацлава ў праваслаўнай краіне?»

Шмідт: «Гэта наш супольны сьвяты. Ведаеце, праваслаўная манашка, наш праваднік па тым кляштары, мела імя Людміла, на памяць аб нашай Сьвятой Людміле. Ну дык вось, як праваслаўныя, так і атэістычныя адмыслоўцы, якія дасьледавалі тыя фрэскі, прыйшлі да высновы, што гэта несумненна выява Сьвятога Вацлава. Магчыма, што там ёсьць яшчэ і выява Сьвятога Войцеха, але наконт гэтага няма адзінства. Дык вось, гэтая выява ў Полацку — адзіная выява Сьвятога Вацлава ў праваслаўным сьвеце. Мы гэта зьнялі і паедзем туды яшчэ раз, калі закончыцца рэстаўрацыя. Магчыма, што паедзем туды разам з кардыналам Дукам. Уявіце сабе, што мітрапаліт Філарэт асьвяціў здымак гэтай выявы Сьвятога Вацлава і перадаў яго кардыналу Дуку. Гэта быў экумэнічны жэст на самых вярхах Праваслаўнай і Рыма-каталіцкай цэркваў. Супрацоўніцтва паміж гэтымі цэрквамі існуе і ў самой Беларусі.

Мы там адчувалі сябе як дома. У Яны ёсьць дамешка ўкраінскай крыві, дык зь ёю было зразумела. Але я мушу прызнаць, што быў зьдзіўлены».

Мадэратарка: «Чым найбольш?»

Шмідт: «Тым, што там такая хрысьціянская руплівасьць. Гэта зямля, якая прасякла крывёй мучанікаў. І на гэтай зямлі храмы, як праваслаўныя, так і каталіцкія, растуць цяпер як грыбы пасьля дажджу».

Мадэратарка: «Ці гэта ня зьвязанае з тым, які там цяпер палітычны рэжым?»

Шмідт: «Ня ведаю, ці гэта залежыць ад палітычнага рэжыму, то бок, ці гэтыя храмы будуюць насуперак яму, ці зь яго дазволу і пры яго падтрымцы. Але мы там адчувалі сябе добра. А ў кантактах са звычайнымі людзьмі мы раптам адкрылі, што тая беларуская мова, якую праграмна вынішчалі... Ведаеце, у кожным стагодзьдзі зьнішчалі як мінімум траціну беларусаў, а ў 20-тым стагодзьдзі іх зьнішчалі двойчы па траціне. Гэта рабілі суседнія дзяржавы, я ня буду тут называць нацый. Беларусы глынулі гора. Але беларуская мова, ведаеце — гэта такая сіла, пра якую я яшчэ і цяпер не магу нармальна гаварыць. Мы там перажылі падарожжа ўглыб чалавека. Там поўныя храмы людзей, ня толькі праваслаўныя, але і каталіцкія. Вось, для прыкладу, адзін касьцёл у цэнтры Менску быў запоўнены людзьмі падчас кожнай з 18 багаслужбаў, якія там спраўлялі ад шостай раніцы да поўначы ў нядзелю. Проста неверагодна. І людзі там такія ўзьнёслыя. А вяртаючыся да беларускай мовы — яе падтрымліваюць галоўным чынам у каталіцкім літургічным асяродзьдзі. Калі да вас нехта гаворыць па-беларуску, вы гэта разумееце. Яны — нашы браты, яны — як быццам такое страчанае племя, якое таксама вырасла на глебе Кірыла і Мяфодзія. Гэта нас надзвычай моцна злучае. Яны ў нечым на нас падобныя, а прытым узьнёслыя. Мы адчувалі сябе ў Беларусі як дома, і я ад гэтага быў у поўным захапленьні».

Радыё Свабода, 5 кастрычніка 2012
 
Дата публикации:05.10.2012
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:2306
 
Ключевые слова:
Кинематограф Беларусь-Чехия Христианство Беларуская мова
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме