Праект быў прэзентаваны падчас форуму Infolib Belarus — 2021. З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуліся Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Узбекістан Леанід Марыніч і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Узбекістана ім. А.Наваі Уміда Цешабаева. Дарадца-пасланнік беларускага пасольства прадставіў аўдыторыі мультымедыйную прэзентацыю «Пра ўнёсак гераічных прадстаўнікоў узбекскага народа ў вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».
Пасля завяршэння мерапрыемства пасол Беларусі ва Узбекістане перадаў шэраг экзэмпляраў новых кніг беларускіх выдавецтваў для фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Узбекістана.
Праект «Лясная песня» створаны Нацыянальнай бібліятэкай сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь на аснове існуючых у бібліятэцы і архівах матэрыялаў аб жыцці і барацьбе беларускіх партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыя выбудавана на 10 банерах і дае магчымасць дакрануцца да гісторыі беларускага партызанскага руху праз тагачасныя дакументы — улёткі, агітплакаты, газеты, фатаграфіі, сюжэтныя замалёўкі, урыўкі з апавяданняў, вершаў і песень.
Звязда, 15 лістапада 2021