https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Ташкенце адкрыўся міжнародны кінафестываль. Ён адрадзіўся праз чвэрць стагоддзя


Фестываль, які ў аўторак увечары адкрыўся ў Ташкенце, можна назваць пачаткам працягу. Калісьці Ташкенцкі кінафестываль грымеў на ўвесь Савецкі Саюз і лічыўся значнай падзеяй у сусветным кіно.
Дый само ўзбекскае кіно было на ўзроўні — нашы мамы і бабулі былі закаханыя ў прыгожых усходніх акцёраў, «Прыгоды Насрэдзіна» была адной з самых любімых кінаказак. Фактычна менавіта на ўзбекскай зямлі быў пакладзены пачатак кінематографа Сярэдняй Азіі.

Але пасля развалу СССР кіно Узбекістана, як і ў многіх іншых рэспубліках аказалася ў заняпадзе. Забыліся і пра фестываль — каб праводзіць падобныя форумы, трэба самім каб было што паказаць. Спатрэбілася амаль чвэрць стагоддзя, каб загаварыць аб адраджэнні.

А каб размовы сталі рэальнасцю, патрэбна была палітычная воля. Новае кіраўніцтва краіны, якое ўзяло курс на прагрэс ва ўсіх сферах (аб гэтым сведчыць і нядаўні візіт Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева ў Беларусь, падчас якога абмяркоўвалася супрацоўніцтва нашых краін у вобласці высокіх тэхналогій) вялікую ўвагу надае і культуры. Аднаўленне фестывалю кіно — асабістая ініцыятыва ўзбекскага прэзідэнта. Вялікую падтрымку атрымаў у апошні час і «Узбекфільм». Акурат да фестывалю студыя атрымала абсталяванне на 28 мільёнаў долараў. Адкрыўся таксама новы будынак для кінафондаў.

Несумненна, падобнае мерапрыемства прыцягвае да сябе ўвагу прысутнасцю вядомых людзей. У Ташкент прыехалі Мікіта Міхалкоў (які, дарэчы, узгадаў, што быў на першым фестывалі ў далёкім ужо 1968 годзе), Цімур Бекмамбетаў, Стывен Сігал і нават Філіп Кіркораў. Да кіно апошні мае адносіны вельмі невялікае — хіба што ролю Святога Валянціна ў камедыі «Каханне з першага погляду» сыграў, але спяваў на цырымоніі адкрыцця шчыра і сарваў заслужаныя апладысменты. Як і наша Алёна Ланская — яе песня «Куточак Беларусі» і кліп, паказаны на вялікім экране, выклікалі ў гледачоў толькі станоўчыя эмоцыі, а ў беларусаў — дык і слёзы на вачах. Бо гэта ж кранальна і ганарова — калі прыгажосць тваёй зямлі за тысячы кіламетраў бачаць сотні людзей з усяго свету і слухаюць песню на тваёй мове.

Арганізатары пастараліся, каб падкрэсліць грандыёзнасць падзеі. Падсвечаны ў нацыянальных колерах галоўны праспект, чырвоная дарожка, вялізная зала новага Дома кіно, прывітанне прэзідэнта краіны, зачытанае са сцэны. Удзельнікі з розных кантынентаў, прычым такія магутныя кінаіндустрыі, як Расія, ЗША, Індыя, — усё зроблена для таго, каб фэст апраўдаў сваю назву «Жамчужына шаўковага шляху». Дадайце да гэтага цёплае надвор’е, у той час калі ў многіх краінах ужо халодная восень, і ўзбекскую гасціннасць і шчырасць — і можна ўпэўнена сказаць, што Ташкент у хуткім часе стане прыцягальным для аматараў кіно горадам, тым больш па рашэнні кіраўніка краіны фестываль мае стаць штогадовым.

Беларускую дэлегацыю таксама сустракалі вельмі цёпла. Падчас прэс-канферэнцыі перад адкрыццём гендырэктар Агенцтва па кінематаграфіі Узбекістана Фрыдаус Абдухалікаў сярод прыярытэтных праектаў назваў супрацоўніцтва з «Беларусьфільмам». Сумесны праект «Казбек» — фільм пра Героя Савецкага Саюза Мамандалі Тапівалдзіеве, які партызаніў у беларускіх лясах, ўжо ў распрацоўцы, і падчас фестывалю мяркуецца падпісаць пагадненне аб яго рэалізацыі. 

Сёння адкрываюцца Дні беларускага кіно. Гледачы Ташкента, Самарканда, Сардар’і змогуць пазнаёміцца са стужкамі, знятымі ў апошні час на «Беларусьфільме». «Лёс дыверсанта», «Правілы геймера», «Авантуры Пранціша Вырвіча» — фільм, зняты па кнізе Людмілы Рублеўскай, выдадзенай у Выдавецкім доме «Звязда». Прадстаўляць работы будзе творчы дэсант, у складзе якога рэжысёр Дзмітрый Астрахан, які здымаў «Лёс дыверсанта», акцёр Канстанцін Міхаленка — ён здымаўся ў «Правілах геймера» і ў «Авантурах...»

Мы таксама там будзем, так што сачыце за навінамі.

Аўтар: Алена Ляўковіч
Звязда, 28 верасня 2921
 
Дата публикации:28.09.2021
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:121
 
Ключевые слова:
Ташкент Фэст культуры Кинофестиваль Беларусьфільм
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме