У доме састарэлых у бельгійскім горадзе Мол пасля візіту мужчыны, пераапранутага Санта-Клаусам, адбылася ўспышка COVID-19. Усяго заразіліся 121 жыхар дома і 36 работнікаў, памерлі 18 чалавек.
Персанал дома састарэлых спадзяваўся, што Санта падыме маральны дух сярод жыхароў. Да візіту ў мужчыны не было сімптомаў хваробы.
Таксама кіраўніцтва дома заявіла, што Санта-Клаус і яго памочнікі былі тэрапеўтамі, у якіх ёсць доступ да жыхароў у іншы час.
«Спачатку казалі, што правілы выконваліся, але потым адразу ж вы атрымліваеце фатаграфіі ад сем`яў пацыентаў, дзе відаць, што гэта не так», — пракаментаваў сітуацыю мэр Мола.
Янэс Верхейен, супрацоўнік фірмы Armonea, якая кіруе домам састарэлых, сказаў, што каманда вельмі шакаваная тым, што здарылася, але гэта таксама робіць іх вельмі матываванымі на тое, каб зноў змагацца з вірусам.
Тым не менш вядучы вірусолаг Бельгіі Марк Ван Ранст з Універсітэта Левена заявіў, што сумняваецца, што Санта мог выклікаць столькі заражэнняў. Ён лічыць, што прычынай масавага захворвання стала дрэнная вентыляцыя памяшкання.
Звязда, 27 снежня 2020