Нарадзіўся жывапісец у Мінску — 16 кастрычніка 1936 года. Закончыў мастацкае вучылішча. Дыплом прафесійнага мастака атрымаў у інстытуце імя Сурыкава ў Маскве. Вярнуўшыся ў Мінск, шмат гадоў працаваў у галіне кніжнай графікі. Пісьменнікі лічылі за гонар, калі іх кнігі афармляў менавіта Барыс Забораў.
І ўсё ж у 1980 годзе творца эміграваў з Савецкага Саюза. Кароткі адрэзак часу правёў у Аўстрыі. І пасля ўвесь час жыў у Францыі, дзе адбыўся як жывапісец, атрымаў прызнанне. Карціны Барыса Заборава знаходзяцца ў самых прэстыжных музеях Еўропы, розных краін у іншых частках свету, экспанаваліся ў самых аўтарытэтных мастацкіх галерэях свету. Барыс Забораў — кавалер ордэна «Мастацтва і Літаратура» Французскай Рэспублікі.
У Беларусь жывапісец вяртаўся неаднойчы. Была і выстаўка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, якая мела шырокі розгалас. Былі і сустрэчы з сябрамі — пісьменнікамі, мастакамі, рэжысёрамі, мастацтвазнаўцамі... Любіў прымаць землякоў Барыс Забораў і ў Парыжы. Шмат каму аказваў падтрымку. Праўда, і такі настрой быў у мастака, вялікага творцы — пра гэта пісаў пасля паездкі ў Парыж народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін: «Барыс неяк прызнаваўся, што пабойваецца ехаць у Беларусь: тое, што жыве ў душы, што жывіць памяць, можа імгненна памерці (эфект ускрытай муміі), яго можа ўжо не быць, не існаваць, таго паветра, тых пахаў. А мастака праследуе пах цёплага пылу на летніх вясковых вуліцах. Між іншым, прыйшло мне на памяць, як баяўся Шагал сустрэчы з родным Віцебскам, бо ён жа пранёс свой Віцебск праз усё жыццё. Ягоны, шагалаўскі, Віцебск застаўся жыць на палотнах».
У 1997 годзе ў Беларусі, на адной са святочных імпрэз у музеі матэрыяльнай культуры «Дудуткі», Барыс Забораў даў вялікае інтэрв`ю газеце «Звязда». Вось што тады адказаў мастак на актуальныя ў той час пытанні на тэму вяртання:
«Вы думаеце калі-небудзь пра сур`ёзнае вяртанне вашага мастацтва на Беларусь?»
— Як вядома, «няма прарока ў сваёй Айчыне». Парадокс заключаецца ў тым, што расійскае пасольства ў Францыі арганізавала маю выстаўку ў Пушкінскім доме. Я б, канешне ж, хацеў, каб у Мінску адбылася мая выстаўка. Ды неяк не атрымліваецца. Усе гавораць пра гэта, усе прапаноўваюць выстаўку, але ў той жа час адбываецца нешта такое, што становіцца перашкодай.
— Значыць, беларускі глядач вам патрэбен?
— Хутчэй, я хацеў бы вярнуцца ў свой родны дом. Калі ўсё будзе добра, у мяне адбудзецца невялікая выстаўка ў Траццякоўскай галерэі. І я вельмі хацеў бы, і гэта будзе каштаваць не вельмі дорага, калі гэтая выстаўка пераедзе ў Мінск. Дарэчы, яна задумана пад дэвізам «Дамы і людзі». Там будуць мае так званыя пейзажы — беларускія хаты і твары людзей. Калі такая выстаўка здзейсніцца ў Траццякоўцы і не прыедзе ў Беларусь — гэта будзе ненармальна. Трэба заўважыць, што я атрымліваў запрашэнні наладжваць выстаўкі ў Беларусі. У тым ліку — і ад беларускага пасольства ў Францыі, але разам з тым праяўляецца нейкае табу. Табу існуе ў асобе тых людзей, якія некалі кіравалі Саюзам мастакоў і ўплыў якіх і сёння дастаткова магутны.
Маладыя мастакі, што прыязджаюць у Францыю, усе заходзяць да мяне. Я рады ім. Бачу, што растуць цікавыя хлопцы. Адчуваю, што за шаснаццаць гадоў вырасла новае пакаленне.
Шкада толькі, што ў большасці сваёй беларускія мастакі слізгацяць па паверхні беларускага пейзажа, не пранікаючы ў яго сутнасць. Мяне асабіста цікавіць пах. Мастацтва павінна прапаноўваць свой адзіна магчымы погляд на рэчаіснасць. Адсутнічае спроба псіхалагічнага пранікнення ў сутнасць...»
Можа быць, у нечым і жорсткія словы, але такі ён, Барыс Забораў, і быў, такі і застанецца ў памяці часу. Дарэчы, інтэрв`ю было надрукавана ў «Звяздзе» 2 ліпеня 1997 года з такой назвай: «Барыс Забораў: «Гаварыць пра любоў да радзімы можа любы дэмагог. А вось сапраўды любіць могуць выключна асобы-адзінкі...»
...Некалькі гадоў назад у Санкт-Пецярбургу (у 2018-м) выйшла кніга Барыса Заборава «Тое, што нельга забыць». Мастак расказаў пра свой шлях па жыцці, творчасці, растлумачыў тыя ці іншыя свае рашэнні. Біяграфічная канва, згодна з якой выбудаваны аповед, не прымусіла аўтара сысці ў сухую і, магчыма, цікавую толькі яму, блізкаму колу мемуарыстыку. У кнізе, вокладка якой настройвала на сустрэчу з мемуарыстыкай, выявіўся таленавіты мастак слова, цікавы празаік. Зараз гэтая кніга перакладаецца на беларускую мову і ў хуткім часе пабачыць свет у адным з мінскіх выдавецтваў.
Аўтар: Мікола Берлеж
Звязда, 21 студзеня 2021
Звязда, 21 студзеня 2021