Пад адной вокладкай — «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата» і «Авантуры Вырвіча, з банды Чорнага Доктара». Гэта чацвёртая і пятая кнігі Л.Рублеўскай пра беларускага Уленшпігеля XVІІІ стагоддзя. Перакладчык — Павел Ляхновіч, які, дарэчы, жыве і працуе ў Пінску. Авантурна-прыгодніцкі цыкл гэтай кнігай не завяршаецца. У Выдавецкім доме «Звязда» рыхтуецца да выдання шостая кніга пра героя, які даўно палюбіўся беларускаму чытачу, — «Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі». Папярэдне раман быў надрукаваны ў жнівеньскім, вераснёўскім, кастрычніцкім нумарах часопіса «Полымя».
Некалькі слоў пра серыю і маскоўскае выдавецтва «Престиж Бук», якое заўважыла адметны твор беларускай пісьменніцы. Зараз у серыі, якая бярэ свой пачатак ад «маладагвардзейскага» праекта (кнігі пад «фірменным» афармленнем выходзілі з 1936 года: творы Майн Рыда, Фенімора Купера, Аляксандра Яфрэмава...), пабачылі свет «Шэрлак Холмс з каментарыямі і ілюстрацыямі» Артура Конан Дойля, «Дэман Сакрата» Генадзя Прашкевіча, «Паветраны карабель» Аляксандра Бяляева, збор твораў Валерыя Пералешына... Серыя карыстаецца надзвычайнай папулярнасцю, прыцягвае ўвагу тысяч і тысяч чытачоў.
Спадзяёмся, што і творы іншых беларускіх пісьменнікаў пабачаць свет у прыгодніцкай серыі маскоўскага выдавецтва. Магчыма, не толькі сучасная літаратура, але і гістарычная, захапляльная проза Уладзіміра Караткевіча, найперш — яго «Чорны замак Альшанскі».
Аўтар: Сяргей Шычко
Звязда, 29 кастрычніка 2020
Звязда, 29 кастрычніка 2020