Пра асноўныя дэмаграфічныя выклікі Еўрапейскага рэгіёна і шляхі іх пераадолення на прыкладзе Беларусі распавёў у ААН намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас. 2 красавіка ў Нью-Ёрку ён узяў удзел у тэматычнай дыскусіі ў межах 52-й сесіі Камісіі ААН па народанасельніцтве і развіцці (КНР), Дыскусія была прысвечаная пяці рэгіянальным аглядам Праграмы дзеянняў Міжнароднай канферэнцыі па народанасельніцтве і развіцці (МКНР).
Дапкюнас ад імя Еўрапейскага рэгіёна прадставіў дзяржавам — членам ААН вынікі агляду Праграмы дзеянняў МКНР у рэгіёне Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН (ЕЭК ААН).
Паводле інфармацыі МЗС, у кастрычніку 2018 года ў Жэневе Беларусь сустаршынявала на рэгіянальнай канферэнцыі высокага ўзроўню "Магчымасці выбару: дынаміка колькасці насельніцтва і ўстойлівае развіццё", на якой прадстаўляліся вынікі агляду Праграмы дзеянняў у рэгіёне ЕЭК ААН.
Дапкюнас адзначыў, што для рэгіёна ЕЭК ААН адной з найбольш актуальных дэмаграфічных тэндэнцый з`яўляецца нізкая нараджальнасць і старэнне насельніцтва.
Паводле яго слоў, у Беларусі развіваецца спецыяльная дзяржаўная палітыка для пажылых людзей. У прыватнасці, усведамляючы сур`ёзнасць доўгатэрміновага і прагрэсуючага працэсу старэння насельніцтва Беларусі, летась у краіне распачалі распрацоўку Нацыянальнай стратэгіі актыўнага даўгалецця. Стратэгія накіраваная на стварэнне ўмоў для сацыяльнай інтэграцыі пажылых і поўнай рэалізацыі іх чалавечага патэнцыялу.
Дапкюнас таксама падкрэсліў неабходнасць комплекснага рэагавання на нізкую нараджальнасць у рэгіёне, прывёўшы ў прыклад палітыку стымулявання нараджальнасці ў Беларусі.
Падчас візіту ў Нью-Ёрк Дапкюнас таксама сустрэўся з намеснікам генеральнага сакратара ААН па барацьбе з тэрарызмам Уладзімірам Варанковым. Бакі абмеркавалі актуальныя пытанні арганізацыі і правядзення міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню па барацьбе з міжнародным тэрарызмам з выкарыстаннем новых тэхналогій, запланаванай на пачатак верасня 2019 года ў Мінску. Дыпламаты асобна спыніліся на іншых перспектыўных напрамках супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ААН у галіне контртэрарызму, а таксама на актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня ў гэтай сферы.
У гэты ж дзень у штаб-кватэры ААН Дапкюнас узяў удзел у цырымоніі адкрыцця фотавыставы-прэзентацыі, прысвечанай правядзенню ў Беларусі II Еўрапейскіх гульняў. Мерапрыемства адбылося напярэдадні Міжнароднага дня спорту на карысць развіцця і міру, які адзначаецца міжнароднай супольнасцю штогод 6 красавіка. Фотавыстава арганізаваная пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі пры ААН пры падтрымцы фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 3 красавіка 2019
Мінск, 3 красавіка 2019