Мазаіка часоў Савецкага Саюзу трапіла пад дэкамунізацыю?
Як паведамляе партал AsiaTerra, насьценную «карціну» зацерлі будаўнікі, якія рамантавалі жылы дом № 3 у рамках праграмы «Абод махаля» («Добраўпарадкаваны раён»).
«Магчыма, гэта проста недапрацоўка кіраўніцтва раённай адміністрацыі, неразуменьне прыгажосьці мазаічных выяў, — дапускае аўтар нататкі. Але, хутчэй за ўсё, праява дзяржаўнай ідэалёгіі».
Падчас праўленьня прэзыдэнта Іслама Карымава, які кіраваў краінай ад канца 1980-х і памёр у 2016 годзе, на будынках мэтанакіравана зафарбоўвалі надпісы, якія нагадвалі пра тое, што Ўзбэкістан уваходзіў у склад СССР. Неўзабаве пасьля абвяшчэньня незалежнасьці распачалося перайменаваньне вуліцаў і плошчаў, чые назвы асацыяваліся з савецкай эпохай. Карымаў пазбаўляўся ад мінулага, хоць спачатку быў сакратаром ЦК кампартыі рэспублікі, дзякуючы гэтаму стаў і прэзыдэнтам сувэрэннай краіны.
Тады ж у Ташкенце на фасадзе дома № 88 па вуліцы Мустакілік (былая Пушкінская) дэмантавалі мэмарыяльную дошку з надпісам: «У гэтым доме ў 1941–1943 гадах жыў і працаваў клясык беларускай літаратуры, народны паэт БССР Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)».
На старое месца яна была вернутая ў 2017-м, калі да ўлады прыйшоў новы кіраўнік Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў.
Адрозна ад Іслама Карымава, зь ягоным наступнікам у Аляксандра Лукашэнкі склаліся прыязныя стасункі — кіраўнікі краінаў ужо некалькі разоў сустракаліся і строілі стратэгічныя пляны супрацы.
Таму, як лічаць узбэцкія актывісты, наўрад ці рашэньне ліквідаваць насьценнае пано ў Ташкенце мае пад сабой ідэалягічны падтэкст. Мясцовыя актывісты сумняваюцца, што гэтая традыцыйная савецкая мазаіка мае мастацкую вартасьць.
Ігар Карней
Радыё Свабода, 4 сакавіка 2019