Пераможніца Нацыянальнага конкурсу прыгажосці "Міс Беларусь — 2018" 20-гадовая мінчанка Марыя Васілевіч увайшла ў топ-5 конкурсу "Міс свету — 2018", фінал якога адбыўся 8 снежня ў кітайскім горадзе Санья. Гэта лепшы вынік за ўсю гісторыю ўдзелу Беларусі ў конкурсе.
У гэтым годзе ў конкурсе ўдзельнічалі прадстаўніцы 118 дзяржаў. Перш чым увайсці ў пяцёрку, Марыя Васілевіч спярша ўвайшла ў топ-30, а пасля ў топ-12 разам з яшчэ дзвюма дзяўчатамі ад Еўропы — прадстаўніцамі Францыі і Шатландыі.
Акрамя Беларусі ў выніковы топ-5 увайшлі прадстаўніцы Ямайкі, Мексікі, Тайланда і Уганды.
Конкурс "Міс свету — 2018" стартаваў 9 лістапада. На працягу месяца дзяўчаты праходзілі розныя выпрабаванні пад пільнай увагай членаў журы. Удзельніцы прэзентавалі сябе падчас дабрачынных праектаў і шоу талентаў. Па выніках выпрабаванняў прадстаўніцу Беларусі назвалі адной з лепшых топ-мадэляў свету. Акрамя таго, Марыя Васілевіч увайшла ў лік самых спартыўных дзяўчат.
Падрыхтоўкай беларускі да ўдзелу ў конкурсе займалася Нацыянальная школа прыгажосці пры падтрымцы Міністэрства культуры.
Міжнародны конкурс прыгажосці "Міс свету" праводзіцца штогод з 1951 года і разам з "Міс Сусвет", "Міс Інтэрнэшнл" і "Міс Зямля" лічыцца адным з найбольш прэстыжных спаборніцтваў такога роду.