https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Сусветная супольнасць зноў сутыкаецца з "дэманамі нецярпімасці"


Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка 29 чэрвеня на цырымоніі адкрыцця другой чаргі мемарыяльнага комплексу на тэрыторыі былога лагера смерці Трасцянец.
"Пасляваеннае ўладкаванне на многія дзесяцігоддзі забяспечыла баланс бяспекі і міру на кантыненце. І здавалася, што ўрокі Другой сусветнай вайны, агульныя для ўсіх, назаўжды засвоены чалавецтвам. Але сёння мы бачым, што мінулае нас не пакідае. Многія не прызнаюць дзяржаўных межаў. Сусветная супольнасць зноў сутыкаецца з "дэманамі нецярпімасці", якія распальваюць нянавісць і правакуюць гвалт", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь перакананая ў неабходнасці пачаць новы маштабны міжнародны дыялог, скіраваны на пераадоленне ўсіх супярэчнасцяў. "Дыялог, дэфіцыт якога выразна адчуваецца ў цяперашніх геапалітычных адносінах", — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, "толькі праз давер, павагу і адкрытую, шчырую размову магчыма прыйсці да рэальнага ўмацавання міжнароднай бяспекі, разам супрацьстаяць варожасці, нянавісці і фанатызму, забяспечыць дзецям шчаслівую будучыню".

Кіраўнік дзяржавы заклікаў захаваць праўду пра мінулую вайну. "Маючы ўнікальную магчымасць ведаць праўду той вайны з расказаў відавочцаў, галоўнае, што мы павінны зрабіць, — гэта захаваць яе, не дапусціць адраджэння страшнага мінулага. Бо гісторыя жорсткім чынам паказала, што нельга ігнараваць зло, нават існае на стадыі ідэі. Яго трансфармацыя ў рэальную пагрозу — пытанне часу", — заявіў Лукашэнка.

Мемарыяльны комплекс "Трасцянец" Лукашэнка наведаў разам з федэральнымі прэзідэнтамі Германіі і Аўстрыі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам і Аляксандрам Ван дэр Беленам, якія прыбылі ў Мінск 29 чэрвеня спецыяльна для ўдзелу ў мерапрыемствах, прысвечаных памяці ахвяр нацызму.

Паводле інфармацыі прэс-службы прэзідэнта Беларусі, кіраўнікі трох дзяржаў па шляху да мемарыяльных могілак Благаўшчына — месца правядзення мітынгу-рэквіема — прайшлі міма архітэктурна-скульптурных збудаванняў, што сімвалізуюць вагоны, у якіх прывозілі людзей у канцлагер.

"У вокнах гэтых "вагонаў" бачныя агонь лампад і кветкі. Пры гэтым на фанаграме чутныя гукі цягніка, які набліжаецца, галасы людзей на розных мовах, дзіцячыя крыкі", — гаворыцца ў паведамленні.

Трасцянец — адно з найбуйнейшых месцаў масавага знішчэння нацыстамі цывільнага насельніцтва ў 1941—1944 гадах. Па колькасці ахвяр ён знаходзіцца на чацвёртым месцы пасля лагераў смерці Асвенцым, Майданак і Трэблінка. У Трасцянцы загінулі жыхары Беларусі, іншых савецкіх рэспублік, дэпартаваныя грамадзяне заходнееўрапейскіх дзяржаў, уключаючы Аўстрыю, Германію, Чэхаславакію. Згодна з афіцыйнымі звесткамі, у Трасцянцы знішчана больш за 200 тыс. чалавек.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 29 чэрвеня 2018
 
Дата публикации:29.06.2018
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:229
 
Ключевые слова:
Кнцлагерь Трасцянец Вторая мировая война Благаўшчына Націзм Холокост Ксенофобия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме