https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Храналёгія тэрору: сотні загінулі ў тэрактах у Эўропе за апошнія гады


14 чалавек загінулі ў выніку наезду фургона на натоўп у цэнтры Барсэлёны 17 жніўня. Цягам апошніх двух з паловай гадоў у краінах Эўразьвязу адбыліся каля двух дзясяткаў маштабных тэрактаў, многія зь якіх — з выкарыстаньнем аўтамабіляў.
Згодна з дадзенымі Эўраполу, у 2015 годзе 151 чалавек загінуў (360 пацярпелых) у выніку тэрактаў на тэрыторыі краінаў — сяброў Эўразьвязу, у 2016-м — 142 загінулыя (379 пацярпелых). За два мінулыя гады еўрапейскія праваахоўнікі налічылі 353 удалыя і няспраўджаныя спробы ўчыніць тэракт.

Прыгадаем здарэньні, што пацягнулі за сабой найбольшую колькасьць людзкіх ахвяраў.
________________________________

2017

У ноч на 19 чэрвеня на поўначы Лёндана (Вялікая Брытанія) фургон пратараніў натоўп вернікаў ля мясцовага мячэту. Адзін чалавек памёр на месцы, яшчэ 10 атрымалі пашкоджаньні. Паліцыя арыштавала кіроўцу фургона Дарэна Осбарна, назваўшы здарэньне відавочным нападам на мусульман.
***
Увечары 3 чэрвеня мікрааўтобус учыніў наезд на пешаходаў на Лёнданскім мосьце ў цэнтры брытанскай сталіцы, пасьля чаго трое мужчын выскачылі з машыны і сталі кідацца на людзей з нажамі. У выніку тэракту загінулі восем чалавек, некалькі дзясяткаў атрымалі раненьні.
***
22 траўня на гарадзкім стадыёне ў Манчэстэры (Вялікая Брытанія) падчас канцэрту амэрыканскай сьпявачкі Арыяны Грандэ адбыўся выбух. Падрыў ажыцьцявіў сьмяротнік Салман Абэд. Загінулі 22 чалавекі, у тым ліку 12 дзяцей, яшчэ 59 шпіталізавалі. Адказнасьць за тэракт узяла тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава».
***
20 красавіка 39-гадовы нараджэнец Францыі Карым Шарфі страляў па паліцэйскім фургоне на Элізэйскіх Палях у Парыжы (Францыя) падчас трансьляцыі перадвыбарчых праграмаў кандыдатаў у прэзыдэнты. Загінуў адзін чалавек, двое пацярпелі. Адказнасьць за тэракт узяла «Ісламская дзяржава».
***
7 красавіка на галоўнай пешаходнай вуліцы Стакгольму (Швэцыя) грузавік на вялікай хуткасьці ўрэзаўся ў людзкі натоўп. Пяцёра загінулі, 14 атрымалі пашкоджаньні рознай ступені цяжкасьці. За стырном грузавіка быў 39-гадовы ўзбэк Ахмат Акілаў, які незадоўга да здарэньня папоўніў шэрагі «Ісламскай дзяржавы».
***
22 сакавіка брытанскі грамадзянін Халід Масуд накіраваў аўтамабіль на мінакоў на Вэстмінстэрскім мосьце ў Лёндане, што месьціца ля будынка парлямэнту. У выніку пяць чалавек загінулі і яшчэ 50 атрымалі раненьні. Нападніка ліквідавала паліцыя.
***
Раніцай 3 лютага ў Парыжы невядомы з мачэтэ накінуўся на вайсковы патруль ля Луўра. Пры гэтым ён выкрыкваў «Алах Акбар!». Адзін з вайскоўцаў атрымаў лёгкія раненьні, а нападніка цяжка паранілі. Улады Францыі заявілі аб «тэрарыстычным характары» нападу.
***
19 сьнежня грузавік пратараніў калядны кірмаш у цэнтры Бэрліну (Нямеччына) — 12 чалавек загінулі, 48 былі шпіталізаваныя. Абвешчаны ў вышук падазраваны 24-гадовы тунісец Аніс Амры, які кіраваў аўтамабілем, быў забіты ў Міляне ў перастрэлцы з паліцыяй. Тэрарыст быў зьвязаны з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава».

2016

У ноч на 25 ліпеня ў баварскім горадзе Ансбах (Нямеччына) выбух прагрымеў каля месца правядзеньня музычнага фэсту. У той момант звыш 2 тысяч наведнікаў вярталіся дадому. Загінуў выхадзец з Сырыі, які і лічыцца выканаўцам тэракту. Адказнасьць за злачынства ўзяла на сябе «ІД».
***
22 ліпеня ў Мюнхене (Нямеччына) ў выніку страляніны ў McDonald’s і гандлёвым цэнтры загінулі дзевяць чалавек, 21 быў паранены. Нападнік —18-гадовы нямецкі грамадзянін іранскага паходжаньня. Уцёкшы зь месца злачынства, ён застрэліўся. Паліцыя не знайшла сувязяў тэрарыста з «ІД».
***
18 ліпеня ў прыгарадным цягніку Баварыі 17-гадовы ўцякач з Афганістану напаў на пасажыраў з нажом і сякерай. У выніку інцыдэнту пацярпелі 15 чалавек, чацьвёра зь іх атрымалі цяжкія раненьні. Праваахоўнікі ліквідавалі злачынцу. «ІД» узяла адказнасьць за тэракт.
***
Увечары 14 ліпеня кіроўца грузавіка пратараніў натоўп на набярэжнай Ніцы (Францыя), куды людзі прыйшлі паглядзець фэервэрк з нагоды Дня ўзяцьця Бастыліі. Паводле відавочцаў, грузавік не спыняўся цягам двух кіламетраў, а ягоны кіроўца таксама пачаў страляць у мінакоў. Ахвярамі атакі сталі 84 чалавекі. Паліцыя забіла нападніка, якім аказаўся тунісец Махамад Булель.
***
22 сакавіка тры сьмяротнікі «Ісламскай дзяржавы» з бэльгійскімі пашпартамі падарвалі сябе ў аэрапорце Брусэлю (Бэльгія) і ў цягніку мэтро ў бэльгійскай сталіцы. Загінулі 32 чалавекі, 300 атрымалі раненьні. Паліцыя знайшла сувязі з папярэднім тэрактам у Парыжы.

2015

13 лістапада ўвечары ў Парыжы адбылася сэрыя тэрактаў. Невядомыя адкрылі стральбу ў адным з рэстаранаў, захапілі закладнікаў на рок-канцэрце ў тэатры «Батаклан», выбухі прагучалі непадалёк ад стадыёну «Стад дэ Франс», дзе праходзіў матч футбольных зборных Францыі і Нямеччыны. Загінулі 130 чалавек, 368 пацярпелі. Паліцыя ліквідавала сямёра нападнікаў. Большасьць зь іх мелі францускае альбо бэльгійскае грамадзянства, усе ўдзельнічалі ў ваенных дзеяньнях на баку «Ісламскай дзяржавы» ў Сырыі. «ІД» узяла на сябе адказнасьць за тэракт.
***
7 студзеня два мужчыны ўварваліся ў рэдакцыю сатырычнага часопіса Charlie Hebdo у Парыжы і пачалі страляць. Ахвярамі нападу сталі 12 чалавек, больш за 20 атрымалі раненьні. Нападнікі — Саід і Шарыф Куашы, дзеці алжырскіх эмігрантаў. Пагоня за тэрарыстамі, што мелі сувязі з емэнскім аддзяленьнем «Аль-Каіды», цягнулася двое сутак. У выніку браты Куашы былі ліквідаваныя.

Радыё Свабода, 18 жніўня 2017
 
Дата публикации:18.08.2017
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:691
 
Ключевые слова:
Евросоюз Терроризм Хронология Исламское госудаство Исламизм Смертники
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме