Мэта экспазіцыі — расказаць пра тысячагадовую прысутнасць хрысціян на Блізкім Усходзе і іх унёсак на працягу стагоддзяў у культурнае, палітычнае і інтэлектуальнае жыццё арабскага свету.
У экспазіцыі, арганізаванай у супрацоўніцтве з французскай асацыяцыяй L’Œuvre d’Orient («Справа Усходу»), якая займаецца дапамогай хрысціянам на Блізкім Усходзе, будуць выстаўлены карты, скульптуры, дакументы, абразы, фатаграфіі і ўнікальныя шэдэўры. Некаторыя з экспанатаў у Еўропе будуць выстаўляцца ўпершыню. Сярод іх — Евангелле Рабулы (дэкараваны золатам і срэбрам сірыйскі манускрыпт VI ст.), фрэскі са старадаўняга хрысціянскага храма ў антычным горадзе Дура-Еўрапас (існаваў прыкладна з 300 года да н. э. да 256 года), што на ўсходзе сучаснай Сірыі на мяжы з Іракам.
Асаблівая роля хрысціян у жыцці рэгіёна заўважная ў кантэксце розных гістарычных эпох: прыняцце хрысціянства ў Рымскай імперыі як дзяржаўнай рэлігіі, асноўныя ўсяленскія саборы, мусульманскія заваяванні, развіццё каталіцкіх і пратэстанцкіх місій, унёсак хрысціян у Арабскае Адраджэнне, змены ХХ і ХХІ стагоддзяў.
Асаблівая ўвага звернута на «жывучасць» актуальных хрысціянскіх супольнасцяў у арабскім свеце, выжыванне якіх пад пагрозаю з прычыны пашырэння ісламскага фундаменталізму. Выстава таксама паказвае вялікую разнастайнасць хрысціянства ў яго копцкім, грэчаскім, асірыйска-халдэйскім, сірыйскім, армянскім, мараніцкім, лацінскім і пратэстанцкім выражэннях.
Арганізатары адзначаюць, што мэта выставы заключаецца ў тым, каб паказаць багацце хрысціянскіх культур рэгіёна, што гісторыя хрысціян складаецца не толькі з трагедый і пераследаў, але ведае таксама перыяды росквіту, што актуальныя небяспекі, якія пагражаюць прысутнасці хрысціян, суправаджаюцца надзеяй.
Catholic.by, 30 жніўня 2017