Апошні раз святкаванне Вялікадня супадала ў прадстаўнікоў усіх хрысціянскіх канфесій у 2014 годзе. Гэта досыць рэдкая з`ява, бо ў каталіцтве і праваслаўі для вылічэння гэтай царкоўнай даты выкарыстоўваюць розныя падыходы.
Кіраўнік Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел у святочным пасланні да духавенства і свецкіх асобаў адзначыў, што царква "заклікае людзей дапамагаць у цяжкай жыццёвай сітуацыі бяздольным, словам змякчаць злыя сэрцы, малітвай ратаваць ад разбуральных заганаў". Свята Вялікадня, паводле яго слоў, заклікае людзей "накіроўваць свае сілы і працаваць дзеля Божай хвалы, на славу Царквы Хрыстовай, на карысць і згоду грамадства, дасягнуць якой магчыма толькі на аснове высокіх духоўна-маральных каштоўнасцяў".
"Дзякуючы намаганням кожнага з нас свет стане духоўна больш здаровым і чалавек зможа вызваліцца ад граху і няверы. Уваскрослы Хрыстос Збаўца, бачачы наша імкненне ісці за ім, даруе нам сваю ласку і сілу пераадольваць любыя выпрабаванні, якія сустракаюцца на нашым жыццёвым шляху, таму што сэрца кожнага з нас будзе напоўненае любоўю да блізкіх", — падкрэсліў мітрапаліт Павел.
Кіраўнік Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім пастырскім пасланні перасцярог людзей ад пакланення матэрыяльным каштоўнасцям і нізкім пачуццям і заклікаў вярнуцца да "сапраўднага Бога, якім з`яўляецца ўваскрослы Езус Хрыстус".
Паводле яго слоў, сёння свет знаходзіцца "ў нябачаным дагэтуль маральным крызісе", калі здаецца, што "злы дух і зло перамагаюць". Сведчаннем таму ён назваў пагаршэнне сацыяльна-палітычнай сітуацыі, рост пагрозы тэрарызму, абортаў, крызіс сям`і, праблемы міграцыі, распаўсюджанне хлуслівых вучэнняў і ідэалогій, панаванне матэрыялізму, эгаізму, абыякавасці да чужых праблем.
"Такім чынам, мы знаходзімся перад выбарам "Бог або нічога", — сказаў каталіцкі іерарх. — Праўда Уваскрасення заклікае нас выйсці з магілы маральнага заняпаду да жыцця ў Божай міласці і выбару нязменнай праўды Евангелля. <...> Мы самі не можам змяніць свет. У нас няма сілы змяніць сэрцы і думкі мільёнаў людзей. Але з Божай дапамогай мы можам змяніць саміх сябе, а змяняючы сябе, мы будзем мяняць свет".
Паводле апошніх звестак (на 2008 год), больш за 80% усіх вернікаў у Беларусі — праваслаўныя хрысціяне.
Беларускі экзархат Рускай праваслаўнай царквы сёння мае прыкладна паўтары тысячы прыходаў у 15 епархіях. Чатыры з іх — Мінская, Маладзечанская, Барысаўская і Слуцкая — аб`яднаныя ў Мінскую мітраполію. Праваслаўных святароў рыхтуюць Мінская духоўная акадэмія, духоўныя семінарыі ў Мінску і Віцебску, а таксама духоўныя вучэльні (Мінск, Слонім). У Беларускім дзяржуніверсітэце дзейнічае Інстытут тэалогіі. У краіне звыш 1,1 тыс. праваслаўных храмаў, больш за 100 цэркваў будуюцца.
Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі мае чатыры дыяцэзіі, якія аб`ядноўваюць больш за 600 парафій. Адкрытыя звыш 450 каталіцкіх храмаў, будуецца яшчэ некалькі дзясяткаў. У Беларусі служаць больш за 470 каталіцкіх святароў.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 16 красавіка 2017
Мінск, 16 красавіка 2017