Тэкст звароту змешчаны на сайце Рады БНР.
"У гэты дзень, 25 сакавіка 1918 года, пасля доўгай няволі, калі вонкавы свет забыўся пра нашае існаванне, народ наш заявіў, што хоча жыць у сваёй незалежнай дзяржаве. Давялося чакаць яшчэ больш як сем дзесяцігоддзяў, пакуль Беларусь сталася ўсімі прызнанай дзяржавай, але калі б не было ў сакавіку 1918 года людзей, якія моцна верылі ў сваё права быць вольнымі на сваёй зямлі, — не здабылі б мы ў жніўні 1991-га сваёй дзяржавы", — гаворыцца ў звароце.
Сурвіла нагадвае, што 25 сакавіка 2018-га будзе адзначацца 100-гадовы юбілей абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. "У нармальнай дэмакратычнай краіне дзяржава рыхтавалася б да вялікага свята — але цяпер, на жаль, настрой не святочны. У гэтым, 2017, годзе наш край ізноў апынуўся пад пагрозай быць зняволеным тым самым захопнікам. Развіццё апошнім часам падзеяў вельмі трывожнае. Перад мілітарызацыяй нашай зямлі расійскімі базамі і манеўрамі з удзелам тысячаў расійскіх вайскоўцаў, Беларусь успрымаецца Захадам верным саюзнікам Масквы, і падзел паміж двума светамі пакідае нас штораз часцей на баку варожай нам імперыі. У выпадку вайны наш народ ізноў зробіцца першай яе ахвярай", — лічыць старшыня Рады БНР.
"Звяртаюся сёння да беларускага народа, у Беларусі і ўва ўсім свеце. Гэтак, як нашая гераічная моладзь, якая нядаўна бараніла Курапаты, скажыце ўсяму свету і прамаскоўскім хаўруснікам у Мінску, што беларускі народ не збіраецца зноў паміраць за чужыя імперыі, што край наш выбраў нейтралітэт, калі ён меў магчымасць выказаць сваю волю, і што ён быў уцягнуты ў варожую нам Еўразійскую зону, нягледзячы на гэтае жаданне, выказанае ў Канстытуцыі", — гаворыць яна.
У звароце зазначаецца, што "ў гэты вельмі неспакойны час, калі кожная дзяржава мае свае ўласныя клопаты і не мае часу прыслухоўвацца да чужых праблемаў, цяжка пераканаць тых, хто гэтага не ведае, што мілітарныя базы на сваёй зямлі мы ўспрымаем — як пагрозу незалежнасці нашай дзяржавы". "Аднак пра гэта трэба гаварыць, трэба пісаць усім нам як індывідуальна, гэтак і калектыўна, ад імя беларускіх арганізацыяў, звароты да ўрадаў краінаў, дзе мы пражываем. Трэба рабіць усё магчымае, каб нас бачылі, каб нас чулі, каб ведалі, што народ наш ізноў пад пагрозай з боку суседа, злачынную небяспеку якога свет нарэшце зразумеў. Трэба, каб лінія абароны Еўропы праходзіла не ўздоўж заходняй мяжы Беларусі з Еўрасаюзам, а ўздоўж мяжы ўсходняй — з Расіяй", — лічыць старшыня Рады БНР.
"Дарагія мае суродзічы на Бацькаўшчыне, трэба, каб вы таксама заявілі свету, што вы зноў быць калоніяй Масквы не збіраецеся. З сумам канстатую, што трэба быць героем, каб у Беларусі змагацца за волю нашай зямлі. З глыбіні сэрца віншую тых, хто гэта штодзённа робіць. Свет пра вашае змаганне ведае. Воля і незалежнасць Беларусі, у першую чаргу — у вашых руках! Жыве Беларусь!" — завяршае свой зварот Івонка Сурвіла.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 25 сакавіка 2017
Мінск, 25 сакавіка 2017