https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У ЗША двум грамадзянам Беларусі прад`явілі завочныя абвінавачванні ў замешанасці ў крадзяжы 1,35 млн. долараў


Пра гэта заявіў у Пітсбургу пракурор Заходняй акругі Пенсільваніі Дэвід Хіктан.
Пракуратура ў штаце Пенсільванія прад`явіла двум грамадзянам Беларусі завочныя абвінавачванні ў замешанасці ў крадзяжы 1,35 млн. долараў пры кібератацы на банк у ЗША. 

Паводле інфармацыі ТАСС, гаворка ідзе пра 34-гадовага Аляксея Ярашэвіча і 41-гадовага Ягора Паўленку. Паводле даных улад ЗША, абодва яны былі затрыманыя ў Мінску ў сувязі з расследаваннем дзейнасці міжнароднай хакерскай групоўкі. Паводле сцвярджэння пракуратуры ў Пітсбургу, мужчыны замешаныя ў крадзяжы 1,35 млн. долараў з рахунку ў амерыканскім банку нафтагазавай кампаніі Penneco Oil, якая базіруецца ў Пенсільваніі.

"Гэтыя затрыманні дэманструюць, што мы будзем браць пад крымінальны пераслед за мяжой і па ўсім свеце тых, хто ўваходзіць у злачынныя групоўкі, і дамагацца, каб яны панеслі пакаранне", — сказаў Хіктан.

Як раней паведамляў Следчы камітэт, беларускія праваахоўнікі сумесна з ФБР спынілі дзейнасць міжнароднай злачыннай групы, якая крала сродкі кампаній.

Устаноўлена, што ўдзельнікі злачыннай групы на працягу некалькіх апошніх гадоў з выкарыстаннем шкоднаснага праграмнага забеспячэння завалодвалі рэквізітамі банкаўскіх рахункаў розных кампаній. Так, з рахунку буйной амерыканскай кампаніі групай было выкрадзена 1 млн. 350 тыс. долараў ЗША (па ўсім відаць, гаворка ішла аб Penneco Oil). У далейшым злачынная група спрабавала легалізаваць скрадзеныя грошы з дапамогай спецыяльна створаных для гэтых мэтаў фіктыўных кампаній, зарэгістраваных у Беларусі, Кітаі, Бангладэш і іншых краінах.

Першапачаткова ў красавіку гэтага года ў паведамленні прэс-службы СК гаварылася, што ў Мінску былі затрыманыя два актыўныя ўдзельнікі злачыннай групы — мінчане 1981 і 1974 гадоў нараджэння. У пачатку мая стала вядома, што па крымінальнай справе затрыманы трэці ўдзельнік групы — мінчанін 1972 года нараджэння.

Затрыманым прад`яўлена абвінавачванне ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 4 арт. 212 КК (крадзеж шляхам выкарыстання камп`ютарнай тэхнікі, учынены арганізаванай групай у асабліва буйным памеры). У дачыненні да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Як адзначала прэс-служба СК, залогам паспяховага завяршэння аперацыі па ўстанаўленні і затрыманні падазраваных асоб паслужылі прафесійныя сумесныя дзеянні Следчага камітэта, Міністэрства ўнутраных спраў, Генеральнай пракуратуры Беларусі і Федэральнага бюро расследаванняў ЗША.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 7 мая 2016
 
Дата публикации:07.05.2016
Тематика:Бизнес, В мире
Просмотров:597
 
Ключевые слова:
Криминал Киберпреступность Программирование Хакеры
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме