Ён паведаміў, што такое рашэнне было прынята 26 студзеня на сустрэчы прэзідыума Парламенцкай асамблеі праграмы Еўрасаюза "Усходняе партнёрства" (Еўранест) з кіраўнікамі пяці парламенцкіх дэлегацый краін — удзельніц гэтай праграмы. Сустрэча прайшла без прадстаўнікоў Беларусі.
Зацвердзіць гэта рашэнне зараз павінны кіраўнікі палітычных груп Еўрапарламента. Калі яны гэта зробяць, то першае фармальнае пасяджэнне Еўранеста, без прадстаўнікоў Беларусі, можа адбыцца ў найбліжэйшыя два месяцы, паведаміў Пратасевіч.
"Гэта добрае рашэнне, якое дазволіць не блакаваць працу Еўранеста, — лічыць палітык. — Першае пасяджэнне прайшло б без удзелу прадстаўнікоў Беларусі, а пазней, ужо ў межах Еўранеста, мы б прынялі рашэнне, ці аддаць дзесяць месцаў прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці, ці пакінуць іх незанятымі да правядзення свабодных выбараў або аддаць пяць месцаў апазіцыянерам, а пяць — пакінуць незанятымі".
Раней меркавалася, што ў Еўранесце будуць засядаць 60 еўрадэпутатаў, а таксама па 10 прадстаўнікоў (галоўным чынам парламентарыяў) ад Грузіі, Украіны, Арменіі, Азербайджана, Малдовы і Беларусі. У адносінах да апошняй разглядаліся розныя варыянты — запрашэнне выключна апазіцыі або апазіцыі і пяці прадстаўнікоў парламента. Аднак гэтыя ідэі не сустрэлі згоды ні ў афіцыйным Мінску, ні ў шэрагу краін — суседзяў ЕС. З прычыны рознагалоссяў дагэтуль не адбылося ніводнага пасяджэння Еўранеста.
Мінск, 28 студзеня 2011
Антон Тарас, БелаПАН