Плануецца, што налета айчынныя спецыялісты здабудуць рэкордныя 2 мільёны 5 тысяч тон нафты, у тым ліку больш за 10 % — за кошт новых тэхналогій.
Пра гэта заявіў на міжнароднай канферэнцыі «Цяжкія, але здабыўныя запасы нафты: ад ацэнкі да распрацоўкі», генеральны дырэктар РУП «Дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта» Аляксандр Ляхаў.
Забраць усё да кропелькі
Кіраўнік «Беларуснафты», спасылаючыся на сусветную практыку, адзначыў, што інтарэсы ўсіх нафтагазаносных тэрыторый, па меры выкарыстання традыцыйных актыўных запасаў, усё больш факусуюцца на вывучэнні і асваенні рэсурсаў вуглевадародаў, якія раней лічыліся эканамічна нерэнтабельнымі. Найважнейшая задача геалагічнай навуковай супольнасці — вызначэнне аптымальных метадаў пошуку і ацэнкі запасаў у розных геаграфічных і геалагічных умовах, прымяненне міжнароднага інавацыйнага вопыту ці выпрацоўка ўласных падыходаў.
«Аднак, так ці інакш усе сучасныя метады ацэнкі запасаў нафты, якія цяжка здабываюцца, уключаюць комплексны падыход, што ўлічвае геалагічныя, тэхналагічныя і эканамічныя аспекты», — заўважыў Аляксандр Ляхаў.
«Аднак, так ці інакш усе сучасныя метады ацэнкі запасаў нафты, якія цяжка здабываюцца, уключаюць комплексны падыход, што ўлічвае геалагічныя, тэхналагічныя і эканамічныя аспекты», — заўважыў Аляксандр Ляхаў.
Адлік нафтаздабычы ў Беларусі вядзецца з 1964-га. За апошнія чатыры гады ўдзельная вага здабычы цяжкай нафты дасягнула 15 % у агульным аб’ёме. А летась кампанія здабыла 1 млн 938 тысяч тон нафты — рэкорд апошніх 29 гадоў. Са свідравін, зробленых у 2024-м, беларускія нафтавікі дасталі больш за 203 тысячы тон сыравіны — беспрэцэдэнтна высокі паказчык. У мінулым годзе праходка за кошт новых свідравін склала 285 кіламетраў, што таксама з’яўляецца абсалютным рэкордам за ўсю гісторыю нафтаздабычы. Гэтага ўдалося дасягнуць, нягледзячы на тое, што 50 % вуглевадародаў, што здабываюцца, адносяцца да «цяжкіх».
Дарэчы, да 2030-га прагназуецца рост аб’ёмаў здабычы да 2,3 мільёна тон — плюс 15 % за пяцігодку. «У цыкле асваення запасаў, якія цяжка здабываюцца, важная роля адводзіцца працэсу гідраўлічнага разрыву пласта, што з’яўляецца адным з метадаў інтэнсіфікацыі работы нафтавых і газавых свідравін, — адзначылі ў „Беларуснафце“. — Нядаўні рэкорд нафтавікоў у 101 стадыю ў месяц толькі пацвярджае факт філіграннага валодання сусветнай тэхналогіяй».
Складаная тэхналогія з прыбыткам
«Цяжкая» нафта залягае ў цвёрдых пародах (гэта могуць быць вапнякі або даламіты), якія з’яўляюцца нізкапранікальнымі. Такое паліва знаходзіцца нібы ў закупораным, маларухомым стане. Каб атрымаць аддачу такіх нафтавых пластоў, трэба правесці гарызантальнае свідраванне (даўжынёй ад 2 тысяч і больш метраў), дзе ажыццявіць разрыў пласта. Гэта выклікае ўтварэнне мноства расколін, праз якія нафта і трапляе да нас «у рукі». Для таго, каб нафта цякла сапраўдным «раўчуком», у расколіны дадаюць хімічныя рэагенты і спецыяльны пясок. Дарэчы, апошні здабываецца і апрацоўваецца ў Брэсцкай вобласці.
Як бы не было цяжка здабываць такую нафту, сам працэс з’яўляецца дастаткова эфектыўным і самаакупным, што дасягаецца за кошт канвеерных тэхналогій, калі робіцца мноства свідравін з вялікай даўжынёй праходкі. Калі рабіць усё гэта хутка і якасна, то зніжаюцца тэрміны будаўніцтва свідравін «пад ключ». «Калі ў папярэднія гады падобныя гарызантальныя свідравіны рабіліся ў нас за 120 дзён і больш, то цяпер мы навучыліся будаваць такія аб’екты літаральна за 30 дзён, — растлумачыў Аляксандр Ляхаў. — Дзякуючы гэтаму дасягаецца эканоміка-фінансавы поспех нашай дзейнасці».
Практыка нашай краіны ў выманні цяжказдабыўных запасаў прыцягвае ўвагу нафтавікоў з Расіі, Кітая і іншых дзяржаў, якія валодаюць куды больш вялікімі радовішчамі вуглевадародаў.
«Сэрвісны блок „Беларуснафты“ гатовы працаваць не толькі ў Беларусі, але і ў іншых рэгіёнах свету. На прыкладзе Рэчыцкага радовішча мы можам прадэманстраваць перадавы досвед па будаўніцтве свідравін для здабычы „цяжкай“ нафты, — звярнуў увагу гендырэктар. — Гэта ўнікальныя тэхналогіі для ўсёй постсавецкай прасторы і за яе межамі».
«Сэрвісны блок „Беларуснафты“ гатовы працаваць не толькі ў Беларусі, але і ў іншых рэгіёнах свету. На прыкладзе Рэчыцкага радовішча мы можам прадэманстраваць перадавы досвед па будаўніцтве свідравін для здабычы „цяжкай“ нафты, — звярнуў увагу гендырэктар. — Гэта ўнікальныя тэхналогіі для ўсёй постсавецкай прасторы і за яе межамі».
Яшчэ адзін значны нюанс у рабоце беларускіх нафтавікоў — наяўнасць неабходнага абсталявання, паколькі прымяненне перадавых тэхналогій патрабуе адпаведнага ўзроўню аснашчанасці. Кіраўнік «Беларуснафты» запэўніў, што заходнія ўзоры тэхнікі за апошнія некалькі гадоў былі паспяхова замешчаны аналагамі айчыннай, кітайскай і расійскай вытворчасці. Цяпер можна з упэўненасцю сказаць, што Беларусь стала незалежнай ад заходняга імпарту як у тэхналогіях, так і ў абсталяванні для здабычы вуглевадародаў.
Нафтаздабыўная галіна, акрамя таго, знаходзіцца ў актыўнай фазе лічбавізацыі. Ажыццёўлены шэраг буйных профільных праектаў, сярод якіх, напрыклад, «Лічбавае радовішча», дзе ўкаранёны магчымасці штучнага інтэлекту для кіравання працэсамі здабычы і транспартоўкі вуглевадародаў. Тое ж можна сказаць і аб геолага-разведачных работах і будаўніцтве нафтавых свідравін.
Энергетычная стабільнасць на дзесяцігоддзі наперад
Гістарычна геолагаразведачныя работы ў Прыпяцкім прагіне нашай краіны былі арыентаваны на пошук буйных традыцыйных радовішчаў нафты. Сёння ж, па словах міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргея Масляка, неабходна перайсці да больш глыбокага разумення геалагічнай будовы рэгіёна, трэба выявіць новыя перспектыўныя аб’екты і ацаніць патэнцыял «цяжкіх» запасаў, якія могуць стаць асновай для далейшага развіцця нафтагазавай галіны.
«Традыцыйныя радовішчы паступова вычэрпваюцца, а сусветная эканоміка па-ранейшаму залежыць ад вуглевадародаў. Гэта вымушае нас шукаць адказы на выклікі, звязаныя з распрацоўкай такіх запасаў. Але менавіта тут крыецца велізарны патэнцыял, здольны забяспечыць энергетычную стабільнасць на дзесяцігоддзі наперад, — лічыць кіраўнік прыродаахоўнага ведамства. — Не варта забываць і экалагічныя аспекты, бо важна не толькі здабываць, але і рабіць гэта экалагічна, мінімізуючы ўздзеянне на прыроду і клімат».
Для вырашэння падобных задач неабходны намаганні ўсіх зацікаўленых унутры краіны, а таксама ўзаемадзеянне са спецыялістамі на міжнароднай арэне. Сяргей Масляк зрабіў акцэнт на тым, што айчынным спецыялістам ёсць што прадставіць калегам за мяжой у частцы выкарыстання сучасных тэхналогій — ад лічбавага мадэлявання пластоў да інавацыйных метадаў павелічэння нафтааддачы.
«Упэўнены, што ўдзел расійскіх, кітайскіх калег і прадстаўленне іх напрацовак будуць толькі спрыяць развіццю сумесных праектаў у даследаванні важнай для ўсіх тэмы запасаў нафты, якія цяжка здабываюцца. У рэшце рэшт агульнымі намаганнямі здолеем ператварыць „цяжкія“ запасы ў стратэгічны рэсурс будучыні», — падкрэсліў кіраўнік Мінпрыроды.
У тэму
У канферэнцыі ўдзельнічаюць больш за 160 дзяржаўных і прыватных кампаній, профільных ведамстваў Беларусі, Расіі і Кітая. Праграма ахоплівае ключавыя і актуальныя кірункі нафтагазавай галіны ў частцы цяжказдабыўной нафты. Якім чынам «Беларуснафта» выкарыстоўвае перадавы досвед, павялічваючы здабычу «чорнага золата» ў старых нафтавых тэрыторыях, дзе, здавалася б, дадзены працэс павінен ісці на спад, — гэты кейс таксама прадстаўлены на канферэнцыі.
Форум стаў платформай для абмену досведам, дэманстрацыі перадавых распрацовак і пошуку рашэнняў у рабоце з цяжказдабыўнымі запасамі нафты. Паспяховая дзейнасць з найскладанейшымі нетрамі Прыпяцкага прагіну, удзел у замежных праектах — усё гэта сведчыць аб прафесіяналізме беларускіх нафтавікоў.
Аўтар: Сяргей Куркач
Звязда, 21 траўня 2025
Звязда, 21 траўня 2025