https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Па чым першакласнікі ў Літве


У Вільню з Мінска едуць за марціні і за кавай, за пральнымі парашкамі і адзеннем, шынамі і тэлевізарамі і яшчэ шмат за чым. Ці ёсць сэнс збіраць дзіцёнка ў першы клас таксама ў Літве? Давайце падлічым.
Ранец

Першае, і асноўнае, што патрэбна літоўскаму першакласніку – ранец. Недасведчаныя бацькі могуць разгубіцца: асартымент сапраўды багаты, цэны – на любы густ. Зрабіць правільны выбар дапаможа хіба што веданне таго, якім мусіць быць ранец першакласніка. Асноўныя патрабаванні – вага да 1 кг, цвёрдая эрганамічная спінка, шырокія і мяккія шлейкі. Ранцы, што адпавядаюць гэтым нормам, каштуюць у розных магазінах ад  139 да 339 літаў (адпаведна 40 і 97 еўра). Гэта ранцы жорсткія, што трымаюць форму. А калі разглядаць мяккія, то можна знайсці не даражэй за 70 літаў (20 еўра). Прычым вялікай розніцы, дзе шукаць, няма: кошты на тавар, падобны па якасці, супадаюць і ў спецыяльных крамах канцылярскіх тавараў, і ў супермаркетах, і на базары ці інтэрнэт-сайтах. Прынцыповым можа быць толькі памер зніжак, што прапаноўваюць прадаўцы. А зніжкі (на некаторыя ранцы – да 50%) ёсць усюды.

Бацькам з няпростым фінансавым становішчам прапаноўваюць купіць ранцы ў растэрміноўку. А некаторыя прадбачлівыя бацькі зрабілі гэту пакупку загадзя, каб палегчыць вераснёўскія траты. Так, мама першакласніцы Карыны купіла дачцэ ранец яшчэ летась, са зніжкай у 50% за 120 літаў (35 еўра).  А напаўняць партфель усім неабходным мы пайшлі разам.

Што ў ранцы

Самая дарагая рэч – чарнільная ручка (у пачатковых школах Літвы вучні пішуць выключна пёравымі чарнільнымі ручкамі). Улічваючы дзіцячую здольнасць часта губляць ручкі, бацькам раяць набываць і запасную, на ўсялякі выпадак. Мы пакуль што набылі адну – і так не танна, вырашыла мама Карыны. Чарнільная ручка фірмы Biс з капсулай каштавала 19,99 літаў (6 еўра). Набор зменных капсул – яшчэ 5,99 (каля 2 еўра). Далей па спісе атрымалася:

Фарбы акварэльныя (12 колераў) - 4,99
Гуаш (12 колераў) - 12,99
Пэндзлікі (5 шт) - 4,69
Каляровая папера - 1,09
Кардон каляровы - 2,29
Белы кардон - 2,29
Альбом для малявання фармату А4 - 6,99
фармату А3 - 11,69
Пластылін (12 колераў) - 4,99
Алоўкі каляровыя (12 шт) - 7,99
Фламастары (6 шт) - 3,99
Алоўкі простыя з гумкамі (4 шт) - 2,99
Гумка - 0,69
Клей-аловак - 1,69
Нажніцы - 5,99
Лінейка (30 см) - 1,29
Сшыткі тонкія (12 старонак)
10 у лінейку - 0,39х10
10 у клетку - 0,45х10
Камплект вокладак для сшыткаў і падручнікаў першакласніка (у Літве яны прадаюцца спецыяльнымі камплектамі для кожнага класа) - 3,99
Пенал - 40,0

Ад пенала, запоўненага ўсім неабходным (акрамя пёравай ручкі), мы адмовіліся – нязручны ў карыстанні, ды і нецікавы. Дарэчы, такі пенал можна купіць таксама за 40 літаў (12 еўра).

Такім чынам, мы ўклаліся ў 155 літаў (45 еўра). Мама Карыну моцна не абмяжоўвала ў выбары, але і разганяцца не дазваляла. Ды ў малой і не было патрэбы: канцтавараў у сярэднім цэнавым дыяпазоне багата, выбірай на здароўе. Чаго не скажаш пра школьную форму для Карыны.

Школьная форма

Школа, у якую пойдзе Карына, мае сваю ўніформу. Прыгожы сарафанчык у жоўта-зялёна-сінюю клетку каштуе 115 літаў (33 еўра). Пінжак да яго – яшчэ столькі ж. Спадніца – 70 літаў (20 еўра). Кашулька – 39 літаў (11 еўра). Мама з задавальненнем пашыла б сама такую форму, але тканіны з адпаведным малюнкам у Вільні няма. Давядзецца форму купляць.

Пакуль жа ў Карыны з усяго патрэбнага камплекта ёсць толькі калготы, белыя і блакітныя, купленыя са зніжкай за 11 літаў (3 еўра) — першапачатковая цана была 17 літаў. І спартыўная форма: штаны і майка разам каштавалі 80 літаў (23 еўра), кеды – 10 літаў (3 еўра). Кеды купілі ў магазіне, дзе распрадаецца абутак з еўрапейскіх магазінаў.

Прасцей бацькам, ад якіх не патрабуюць апранаць дзяцей ва ўніформу, а проста папярэджваюць, што дзіцё мусіць хадзіць у школу ў адзенні пэўнага колеру. Напрыклад, сінія пінжак і штаны для хлопчыкаў, сарафан ці спадніца з пінжаком – для дзяўчат. Тады выбар шырэйшы, магчымасцей сэканоміць болей.  Так, першакласніку Міндаўгасу мама замовіла пашыў касцюма ў атэлье. Пашыў абыдзецца ёй у 160 літаў (46 еўра), напаўшарсцяную тканіну і гузікі купілі за 80 літаў (23 еўра). Такім чынам, касцюм будзе каштаваць 240 літаў (амаль 70 еўра). Крыху даражэй, чым купіць у магазіне: аналагічны касцюм у супермаркеце "Максіма" каштуе сёння 210 літаў (60 еўра), ды яшчэ зніжка на адзенне 30%. Але там касцюм сінтэтычны, што маму Міндаўгаса і не задавальняе.

Дзень добры, школа!

У некаторых школах ужо збіралі бацькоў першакласнікаў на сходы і расказвалі, якія дадатковыя выдаткі іх чакаюць. Для іншых гэта лічба будзе сюрпрызам. Тым не менш, плаціць давядзецца.

У залежнасці ад школы бацькі першакласнікаў здаюць ад 70 да 140 літаў (20 і 40 еўра адпаведна) на працоўныя сшыткі, у якіх дзеці будуць пісаць на працягу навучальнага года (гэта друкаваныя сшыткі з заданнямі, не блытайце са звычайнымі ў клетку ці лінейку). Падручнікі ў школах выдаюць бясплатна.

Акрамя таго, амаль усюды прапаноўваюць здаць грошы на сродкі гігіены: папяровыя ручнікі, мыла, туалетную паперу – мінімум 10 літаў (3 еўра) давядзецца аддаць. Ну а на што яшчэ прапануюць сабраць – гэта ўжо вельмі індывідуальна, лічбы могуць адрознівацца на сотні літаў у залежнасці ад школы. Што праўда, могуць ні на што болей і не збіраць, акрамя хіба грошай дзецям на розныя падарункі на святы.

Свята павінна быць з падарункамі

Так лічаць у суседніх з Літвой Латвіі і Эстоніі. Ад пачатку жніўня ўсе першакласнікі Латвіі змогуць атрымаць мабільныя тэлефоны ў падарунак. Ужо трэці год запар такую акцыю праводзіць у краіне аператар Tele2.

У падарачным камплекце – тэлефон "Nokia 100" і стартавы камплект для размоў за 0,99 Лс. (1,5 еўра) Каб атрымаць падарунак, бацькам трэба ўсяго толькі паказаць пашпарт і пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці.

Са свайго боку бацькі абавязваюцца папаўняць крэдыт карты папярэдняй аплаты не меней, чым на 1,75 Лс (каля 3 еўра) кожны месяц на працягу года.

У Эстоніі таксама зрабілі падарункі першакласнікам, праўда, не ўсім. Свой першы школьны ранец атрымалі 365 першакласнікаў са шматдзетных сем`яў. У кожным ранцы – усе неабходныя для першакласніка рэчы. Кошт аднаго ранца склаў каля 120 еўра.

Ларыса Шапавалава, Вільня
Тут і Цяпер, 24 жніўня 2012
 
Дата публикации:24.08.2012
Тематика:Образование, В мире
Просмотров:2268
 
Ключевые слова:
Литва Вільня Школа
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме