Упершыню на вялікім экране пакажуць дакументальны фільм «Ніколі больш». Галоўны герой — Леон Рубін — адзін з 218 выратаваных яўрэяў, якіх у 1942 годзе з акупаванай нацыстамі Беларусі вывеў савецкі палітрук Мікалай Кісялёў. Разам з Кісялёвым і іншымі ўцекачамі сям’я Рубіна пераадолела пешшу 1,5 тыс. км, а затым на цягніку дабралася да Арэнбургскай вобласці. Тут памерла маці. Яе магілу ён шукаў больш за 70 гадоў. У выніку Леон Рубін адшукаў пахаванне. Акрамя яго ў фільме фігуруюць і іншыя ўдзельнікі таго цяжкага паходу. Усе яны тады былі дзецьмі. Іх успаміны — гэта страшная праўда пра тое, што адбываецца з людзьмі, калі ў іх дамы ўрываецца вайна.
Перад паказам адбудзецца круглы стол «Унікальная аперацыя часоў Халакосту». Ганаровыя госці, гісторыкі, музейныя работнікі абмяркуюць гісторыю подзвігу камандзіра беларускага партызанскага атрада «Мсцівец» Мікалая Кісялёва. У жніўні 1942 года ён выратаваў жыццё 218 яўрэйскім жыхарам беларускай вёскі Даўгінава, вывеўшы іх за лінію фронту. Прысутныя пагавораць пра тое, наколькі знаёмая сучасная моладзь з тэмай Халакосту, ці ёсць неабходнасць экранізаваць гісторыі, падобныя подзвігу Кісялева і г. д.
Гасцямі мерапрыемства стануць рэжысёр фільма, лаўрэат ТЭФІ-Рэгіён і «Нью-Ёрк фільм фестывальс» Гульназ Галімуліна, дачка партызана Мікалая Кісялёва Таццяна Кісялёва, равін Аарон Гурэвіч, сустаршыня Цэнтра «Халакост» прафесар Ілля Альтман і інш.
Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту адзначаецца штогод 27 студзеня. У гэты дзень савецкімі войскамі быў вызвалены лагер Асвенцым, што стала асноўнай падставай для рашэння ААН пры выбары мемарыяльнай даты.
Звязда, 23 студзеня 2023