Конкурс у горадзе Мінербіа стаў у Соф’і 56-м за яе музычную кар’еру. Выхаванка дзіцячай школы мастацтваў нумар 1 Наваполацка вучыцца ігры на фартэпіяна з васьмі гадоў, але яе конкурсная біяграфія пачалася з 10 гадоў. Цяпер дзевяцікласніца можа пахваліцца прынамсі 35 узнагародамі вышэйшай вартасці.
Пэўная доля хвалявання падчас конкурсу ў Соф’і была, аднак чатырохгадовая загартоўка публічных выступленняў дала аб сабе ведаць, і юная піяністка не проста выканала праграму на выдатна, а вельмі ўразіла суддзяў. У бягучым годзе ў складзе журы былі прафесіяналы з Расіі, Германіі, Італіі, Кітая і іншых краін. Гэты факт яшчэ больш накладваў адказнасць на канкурсантаў, а іх толькі на адборачным туры было больш за тысячу, і геаграфія распасціралася ад Еўропы да Кітая. У сваёй узроставай катэгорыі (да 14 гадоў) беларуская піяністка абышла сапернікаў і сярод 25 музыкантаў стала лепшай.
Акрамя конкурсных выступленняў Соф’я прыняла ўдзел у канцэртах, якія прайшлі ў італьянскіх гарадах пад эгідай гэтага ж конкурсу. Адбор на іх ішоў з падачы членаў журы,таму для юнай выканаўцы такая ацэнка яе здольнасцей была таксама вельмі прыемнай.
На канцэртных пляцоўках у Італіі пераможцу конкурсу і яе педагога Маргарыту Мартас уразілі інструменты, на якіх дзяўчыне ўдалося сыграць. Прафесійны раяль пад тонкімі пальчыкамі Соф’і гучаў асабліва глыбока і пранікнёна. «Такім дзецям, як Соня, для большага і лепшага раскрыцця ўсіх граней сваіх магчымасцей проста жыццёва неабходны такія інструменты. Яны даюць зусім іншую, больш насычаную гаму гучання, у іх іншы баланс, тэмбр — тое, чаго нашы дзеці пазбаўлены на старых раялях. А ў многіх з іх ідэальны слых, яны ўлоўліваюць нязначныя нюансы і ўмеюць іх выкарыстоўваць так, каб музыка гучала сапраўды чароўна», — падзялілася настаўнік па класе фартэпіяна з 30-гадовым стажам.
Больш за іншых кампазітараў школьніца любіць Бетховена, які ў свой час быў наватарам і ствараў рэвалюцыйныя для сваёй эпохі музычныя творы, і лірычнага Рахманінава. Яе педагог адзначыла, што таленавітай выхаванцы лепш за ўсё даюцца рамантычныя творы, і гэта нядзіўна, бо і сама Соф’я стварае ўражанне мілага анёла. Практычна няма такога кампазітара, прызналася школьніца, твор якога яна не змагла б выканаць, усе цяжкасці заканчваюцца пасля этапу завучвання, а потым усё льецца нібыта песня салаўя.
Для Соф’і музыка стала неад’емнай часткай жыцця. Штодзённыя заняткі на фартэпіяна прыносяць ёй толькі радасць. «Музыка для мяне — спосаб самавыяўлення. Калі сумна, то я сыграю больш плаўную мелодыю, калі весела — заўзятую. Гэта нібыта маё эмацыянальнае люстэрка, якое паказвае, што ў мяне на душы», — прызналася юная піяністка.
У сваёй вучаніцы Маргарыта Мартас бачыць вялікі патэнцыял. Соф’я збіраецца звязаць сваё жыццё з любімым заняткам і стаць настаўнікам музыкі, і пакуль у яе ёсць год, каб выбраць каледж, дзе яна хоча вучыцца далей і дзе зможа раскрыць свой талент. Выдатныя поспехі ў школе па агульнаадукацыйных прадметах дадуць ёй бясспрэчны плюс пры паступленні. Дапамогуць і яе ўменне працаваць, хоць над эцюдамі і кантатамі новапалачанка не сядзіць доўгімі гадзінамі, бо ёй амаль усё даецца лёгка дзякуючы, відаць, прыроджаным здольнасцям. Мама Соф’і таксама звязана з інструментальным мастацтвам, яна музычны кіраўнік у дзіцячым садзе. А тата дзяўчыны выкладае брэйк-данс. Таму сям’я самая што ні на ёсць музычная і творчая.
Я пацікавілася ў Маргарыты Мартас, ці бачыць яна розніцу паміж дзецьмі, якія толькі прыйшлі да яе пасцігаць асновы ігры на піяніна, і ўжо амаль прафесійнымі зорачкамі. «Вядома, гэта зусім розныя дзеці, нават бацькі гэта заўважаюць. Музыка дае дзіцяці вельмі многае. А калі дзеці ўдзельнічаюць у конкурсах, то яны нават псіхалагічна і эмацыянальна становяцца мацнейшымі, паколькі гэта своеасаблівая загартоўка для нервовай сістэмы. Нават калі мае выхаванцы не прысвячаюць сябе музыцы, то ўсё роўна лічаць, што заняткі для іх не былі дарэмнымі», — расказала Маргарыта Мартас.
Наперадзе ў Соф’і Палякевіч яшчэ нямала новых конкурсаў і ўзнагарод. У яе ёсць падтрымка блізкіх і педагога, які любіць сваю справу і сваіх падапечных. І, як упэўнена сказала дырэктар ДШМ Наталля Серакова, «мы пра гэту дзяўчынку яшчэ пачуем».
Звязда, 12 верасня 2022