Беларускія медыкі згодныя з гэтым і чакаюць уздыму захваральнасці ўжо ў канцы жніўня — пачатку верасня. Як падрыхтавацца да яго? Каму варта рабіць бустарную прышчэпку? Ці варта перад гэтым вымяраць узровень антыцелаў? Якімі вакцынамі робяцца такія прышчэпкі? Пра гэта і іншае гутарым з урачом-эпідэміёлагам, загадчыкам аддзялення імунапрафілактыкі аддзела эпідэміялогіі Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Марынай Качкан.
— Марына Віктараўна, растлумачце, што такое бустарная прышчэпка? Якой вакцынай яна можа выконвацца? Ці можна прышчапіцца кітайскай вакцынай?
— Бустарная прышчэпка — гэта дадатковае (паўторнае) увядзенне вакцыны праз нейкі пэўны час пасля атрымання асноўнага або папярэдняга дадатковага курса вакцынацыі. Гэта робіцца для заахвочвання імуннай сістэмы і прымушае яе зноў выпрацоўваць антыцелы да інфекцыйнага агента.
У дачыненні да каранавіруснай інфекцыі бустарная вакцынацыя праводзіцца праз 6 і больш месяцаў пасля скончанай першаснай вакцынацыі і (або) раней праведзенай бустарнай вакцынацыі. У адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі Міністэрства аховы здароўя бустарная прышчэпка можа быць выканана вакцынамі «Гам-КОВІД-Вак» або «Спадарожнік Лайт» у залежнасці ад таго, якая вакцына была ўведзена папярэдні раз. У перыяд цяжарнасці і груднога кармлення бустарная прышчэпка праводзіцца вакцынай SІNOPHARM вытворчасці КНР.
Наяўнасць вакцын неабходна ўдакладняць у арганізацыі аховы здароўя, у якой вы плануеце прышчапляцца.
— Каму паказана бустарная вакцынацыя? Праз які перыяд пасля асноўнага курса яе варта рабіць і ці трэба яе паўтараць кожныя паўгода?
— Бустарная вакцынацыя праводзіцца асобам з 18 гадоў і старэйшым праз 6 і больш месяцаў пасля асноўнага курса, а затым — кожныя паўгода.
— Калі вакцынаваўся, а потым перахварэў на COVІD-19, праз які час пасля выздараўлення рабіць бустарную прышчэпку?
— Вакцынацыя пасля перанесенага захворвання можа быць зроблена праз 2-8 тыдняў пасля выздараўлення. Гэты перыяд вызначаецца цяжарам захворвання: пры адносна лёгкім ходзе прышчэпку можна зрабіць ужо праз 2 тыдні. А калі захворванне было ў цяжкай форме з ускладненнямі, варта вытрымаць не менш за 8 тыдняў.
— А ці трэба правяраць узровень антыцелаў перад бустарнай прышчэпкай?
— Не. Мэтазгоднасць абследавання перад правядзеннем бустарнай вакцынацыі на наяўнасць антыгена або антыцелаў да віруса SARS-CoV-2 адсутнічае, бо не нясе ў сабе ніякай канкрэтнай інфармацыі для прыняцця рашэння аб вакцынацыі.
— Калі антыцелы прысутнічаюць, але ўжо прайшло шэсць месяцаў пасля асноўнага курса, ці трэба прышчапляцца?
— Так. Наяўнасць антыцелаў да COVІD-19 не з`яўляецца крытэрыем для ўвядзення вакцыны. Невядома, як доўга антыцелы пратрымаюцца на ахоўным узроўні. Бустарная доза вакцыны не перашкаджае фармаванню імунітэту, а, наадварот, яшчэ ў большай меры павялічвае эфектыўнасць імуннай аховы арганізма.
— Калі чалавек прайшоў асноўны курс і адну бустарную прышчэпку, і пасля таго прайшло шэсць месяцаў, ці трэба зноў прышчэплівацца і якой вакцынай?
— Так. Вакцына вызначаецца ўчастковым урачом у залежнасці ад таго, якімі вакцынамі чалавек прышчапляўся раней. Напрыклад: калі ён прышчэплены любой вакцынай, а першы бустар быў выкананы вакцынай «Спадарожнік Лайт», то другі бустар робіцца другім кампанентам вакцыны «Гам-КОВІД-Вак». Калі першасная вакцынацыя выканана вакцынай «Спадарожнік Лайт», першы бустар — другім кампанентам вакцыны «Гам-КОВІД-Вак», то другі бустар робіцца першым кампанентам вакцыны «Гам-КОВІД-Вак».
— То-бок першая і другая бустарная прышчэпкі павінны рабіцца рознымі вакцынамі?
— Могуць быць выкананы рознымі вакцынамі або рознымі кампанентамі вакцыны «Гам-КОВІД-Вак».
— Калі пасля кожнай прышчэпкі асноўнага курса былі пабочныя эфекты, напрыклад, падымалася тэмпература, ці будуць яны пасля бустарнай?
— Магчыма, будуць, але не абавязкова. Прадбачыць рэакцыю арганізма немагчыма.
— За які час фармуюцца антыцелы? За які тэрмін да ўздыму захваральнасці трэба паспець вакцынавацца?
— Для выпрацоўкі ахоўнага цітру антыцелаў арганізму неабходна звычайна два-тры тыдні пасля завяршэння першаснай серыі прышчэпак. Таму неабходна паспець прышчапіцца за месяц да ўздыму захваральнасці, улічваючы той факт, што па заканчэнні вызначанага часу, як правіла, звыш 6-12 месяцаў, напружанасць імунітэту змяншаецца. Таму лепш прытрымлівацца ўстаноўленых Міністэрствам аховы здароўя аптымальных інтэрвалаў вакцынацыі.
Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 1 жніўня 2022
Звязда, 1 жніўня 2022