https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


ЛДП пра выказванні Рашэтнікава: Альбо ён вар`ят, альбо мэтанакіравана пагаршае ўзаемаадносіны Беларусі і Расіі


Першы намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі (ЛДП) Алег Гайдукевіч раскрытыкаваў выказванні дырэктара федэральнай дзяржаўнай навуковай бюджэтнага установы "Расійскі інстытут стратэгічных даследаванняў" (РІСД) Леаніда Рашэтнікава на адрас Беларусі.
"Выказванні Леаніда Рашэтнікава пра немагчымасць існавання незалежнай Беларусі выклікаюць шчырае абурэнне — альбо спадар Рашэтнікаў вар`ят, а ён на яго не падобны, альбо гэта мэтанакіраванае палітычнае дзеянне, скіраванае на пагаршэнне ўзаемаадносін нашых дзвюх краін", — цытуе заяву Гайдукевіча прэс-служба ЛДП.

На яго думку, такія дзеячы, як Рашэтнікаў, "шкодзяць саюзу Беларусі і Расіі больш, чым хто-небудзь". "Больш за тое, у яго выказваннях — яўная абраза беларускага народа, яго культуры і спадчыны, і ёсць усе падставы для прыцягнення яго да адказнасці", — лічыць палітык.

Напярэдадні ў інтэрнэце было размешчанае відэа з выказваннямі Рашэтнікава адносна незалежнасці Беларусі і беларускай мовы. У Беларусі, заявіў ён, "усё рухаецца паводле ўкраінскага сцэнарыя". "Сітуацыя вельмі для нас неспрыяльная. Працэсы вельмі падобныя, і, на жаль, не бачым працэсаў, якія ім супрацьстаяць. І гэтая лінія на як бы такое аддзяленне беларусаў ад рускіх, вось гэта стварэнне такога плота паміж беларусамі і рускімі ў ідэалагічным, гістарычным, ідэйным плане, і нават у нейкай ступені ў духоўным, яна відавочная проста", — сказаў Рашэтнікаў.

Спаслаўшыся на газету "Правда" 1926 года, дырэктар РІСД заявіў, што беларуская мова была створаная пастановай аргбюро ЦК ВКП(б). "Разумееце? 1926 года. Гэтай мове, атрымліваецца, 90 гадоў. Вось гэтая бомба, якая была закладзеная тады, яна зараз рванула, і працягваюць выбухаць маленькія бомбачкі. Гэта вельмі, вельмі вялікі неспакой выклікае ва ўсіх нас, я думаю, і ў нашага кіраўніцтва таксама. Трэба ў дыскусіях хаця б казаць пра гэта адкрыта. Многія цяпер адцягнутыя Сірыяй і Украінай, прыходам да ўлады Трампа, забываюць пра Беларусь. Нельга забываць — гэта гістарычная частка вялікай Расіі, велізарнай Расіі, гэта частка нашага народа. Гэтак жа і з Беларуссю", — сказаў ён.

Рашэтнікаву незразумела, пра што думае беларускае кіраўніцтва: "Пра што яны думаюць? Незразумела — ці пра ўласнае становішча, ці яшчэ пра нешта... Аддаліцца ад Масквы і аддацца каму-небудзь іншаму — вось што атрымліваецца. <...> Якая Беларусь незалежная ад Масквы? І як гэта Масква ёй нічога дыктаваць не можа?"

22 снежня ў МЗС Беларусі быў выкліканы саветнік-пасланец пасольства РФ у Мінску Вадзім Гусеў. Яму заяўлены пратэст у сувязі з выказваннямі Рашэтнікава. "Беларускім бокам была дадзеная прынцыповая ацэнка ў дачыненні да неабгрунтаванасці па сутнасці і катэгарычнай непрымальнасці па форме падобных заяў.

Падкрэслена, што яны абсалютна не адпавядаюць стратэгічнаму характару беларуска-расійскіх адносін, а таксама зафіксаваным у двух- і шматбаковых дакументах прынцыпам, на якіх грунтуецца супрацоўніцтва нашых брацкіх дзяржаў, — паважання суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці", — паведаміла прэс-служба МЗС.

Расійскі інстытут стратэгічных даследаванняў быў заснаваны згодна з указам прэзідэнта РФ у 1992 годзе. Ён забяспечвае інфармацыяй Адміністрацыю прэзідэнта, Савет бяспекі і іншыя структуры расійскай улады.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 22 снежня 2016
 
Дата публикации:22.12.2016
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:643
 
Ключевые слова:
Леонид Решетников Беларусь-Россия Независимость Беларуская мова Суверенитет
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме