https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Праваслаўныя рыхтуюцца сустрэць Вялікдзень


Праваслаўныя вернікі ўсяго свету 30 красавіка адзначаюць Вялікую суботу і рыхтуюцца сустрэць самае важнае хрысціянскае свята — Уваскрэсенне Хрыстова, ці Вялікдзень.
Нягледзячы на тое што большасць з 15 памесных праваслаўных цэркваў свету ўжо перайшлі на падлік святочных дат па грыгарыянскім календары, Вялікдзень усе яны сустракаюць у адзін дзень, які разлічваецца па календары юліянскім. Гэтага календара, які інакш называецца "старым стылем", у духоўным жыцці да гэтага часу прытрымліваюцца Грузінская, Сербская, Іерусалімская і Руская праваслаўная царква, у склад якой уваходзіць Беларускі экзархат.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел узначаліць велікоднае набажэнства, якое пройдзе ў галоўным праваслаўным храме Мінска — Свята-Духавым кафедральным саборы на плошчы Свабоды. У 23.00 там пачнецца паўночная служба з канонам Вялікай суботы, а ў 23.45 адбудзецца хрэсны ход. Галоўнае набажэнства дня пачнецца апоўначы, што абвесціць наступленне Вялікадня.

Паўночная служба з канонам Вялікай суботы ў саборы Святых Пятра і Паўла на Нямізе пачнецца ў 23.30. Апоўначы тут адбудзецца хрэсны ход, а пасля — боская літургія. Гэта царква вядомая мінчанам у тым ліку як храм, дзе многія набажэнствы вядуцца на беларускай мове. Тым не менш велікодная служба ў саборы пройдзе на царкоўнаславянскай мове.

З 21.00 да 24.00 адбудзецца перадвялікоднае набажэнства ў капліцы ў гонар абраза Божай Маці "Спатоленне загінулых" у памяць подзвігу ліквідатараў і ахвяр аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З паўночы і да чатырох гадзін раніцы вернікі змогуць наведаць велікодную службу і памаліцца за ўсіх загінулых і пацярпелых з-за самай буйной тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі чалавецтва, якая адбылася 30 гадоў таму.

Велікодныя набажэнствы пройдуць ва ўсіх праваслаўных храмах Мінска. З поўным раскладам службаў можна азнаёміцца на сайце ГУУС Мінгарвыканкама.

Паводле апошніх дадзеных (на 2008 год), больш за 80% усіх вернікаў у Беларусі — праваслаўныя хрысціяне. Беларускі экзархат Рускай праваслаўнай царквы сёння прадстаўлены прыкладна паўтары тысячамі прыходаў у 15 епархіях. Чатыры з іх — Мінская, Маладзечанская, Барысаўская і Слуцкая — аб`яднаны ў Мінскую мітраполію. Праваслаўных святароў рыхтуюць Мінская духоўная акадэмія, духоўныя семінарыі ў Мінску і Віцебску, а таксама духоўныя вучылішчы (Мінск, Слонім). У Беларускім дзяржуніверсітэце дзейнічае Інстытут тэалогіі. У краіне дзейнічаюць звыш 1,1 тысячы праваслаўных храмаў, больш за 100 цэркваў будуюцца.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 30 красавіка 2016
 
Дата публикации:30.04.2016
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:806
 
Ключевые слова:
Религия Пасха Православие Христианство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме