Прэзідэнт Літвы Гітанас Науседа пазбавіў балерыну Ілзе Ліепу грамадзянства краіны, паведамляе ELTA.
"У чацвер прэзідэнт Гітанас Науседа падпісаў дэкрэты, паводле якіх пазбавіў... балерыну Ілзе Ліепу грамадзянства Літвы, атрыманага ў парадку выключэння", - заявілі ў нацыянальным літоўскім інфармагенцтве, спасылаючыся на прэс-сакратара кіраўніка дзяржавы.
"Я са сваёй краінай"
Ілзе Ліепа, каментуючы рашэнне літоўскага лідара, адзначыла, што яно не выпадкова прынята менавіта зараз, калі ў Расіі ідзе кампанія па выбарах прэзідэнта краіны.
Яна падкрэсліла, што шмат аддала Літве, і там у яе шмат родных, сяброў і знаёмых.
"Але прыходзіць час, калі трэба зрабіць выбар, маральны выбар. І я пацвярджаю, што я са сваёй краінай і са сваім прэзідэнтам", - сказала Ілзе Ліепа.
Пагроза нацбяспецы
У лістападзе 2023 года міністэрства ўнутраных спраў Літвы абавязала дэпартамент міграцыі распачаць працэдуру пазбаўлення літоўскага грамадзянства Ілзе Ліепу, дачку вядомага літоўскага балетмайстра Марыса Ліепы. У сваю чаргу дэпартамент папрасіў кампетэнтныя органы даць ацэнку заявам балерыны ў адным з інтэрв’ю, са спасылкай на якое літоўскія СМІ пачалі публікаваць артыкулы.
У прыватнасці, у гэтым інтэрв’ю народная артыстка РФ асудзіла палітыку Літвы, Латвіі і Эстоніі і падтрымала пазіцыю Крамля.
Тады ў дэпартаменце адзначылі, што адабраць грамадзянства ў балярыны можна ў тым выпадку, калі будзе даказана, што яе дзеянні "ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы".
Ілзе Ліепа не адзіная, хто трапіў у няміласць у Літве, выказваючы свой пункт гледжання. Так, у верасні 2023 года прэзідэнт Літвы падпісаў дэкрэт аб пазбаўленні фігурысткі Маргарыты Драбязкі літоўскага грамадзянства, якое яна атрымала ў парадку выключэння ў 1993 годзе. Таксама яе і Павіласа Ванагаса выключылі са спіска кавалераў ордэна Гедыміна V ступені за ўдзел у шоу Таццяны Наўкі "Лебединое озеро" ў Сочы.