https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Шляхамі Песняра


Наступным прыпынкам міжнароднага выставачнага праекта “Янка Купала ў дыялогу культур” стане Грузія.
2 чэрвеня, у г. Цхалтуба (Грузія) пры садзеянні мэрыі горада Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы прадстаўляе міжнародны выставачны праект “Грузія, дружная з сонцам краіна”.

Гэтую сімвалічную назву праекту даў радок Янкі Купалы з верша “Грузія”, напісанага ў 1938 годзе.

Урачыстае адкрыццё выстаўкі стане часткай гарадскога свята, прысвечанага першаму народнаму паэту Беларусі Янку Купалу, які ў 1930–1940-я гг. неаднойчы наведваў Грузію і тройчы адпачываў на бальнеалагічным курорце Цхалтуба, што стаў для паэта ўлюбёнай мясцінай на грузінскай зямлі.

Выстаўка паказвае Янку Купалу не толькі як уплывовую асобу беларускага культурнага і грамадскага жыцця 1920–1940-х гадоў, але і як сапраўднага народнага дыпламата, які стаяў ля вытокаў культурных сувязяў Беларусі з многімі краінамі. Фотаздымкі і дакументы са збораў музея распавядаюць гісторыю сяброўства паэта з культурнымі дзеячамі Грузіі – Б. Буачыдзэ, Р. Гветадзэ, А. Кутатэлі, К. Лордкіпанідзэ, І. Масашвілі, Ш. Дадзіяні, І. Грышашвілі, С. Чыкавані, М. Джавахішвілі, М. Чыяўрэлі і інш. Іх Янка Купала прымаў у сваім доме, знаёміў з Мінскам. Сустракаўся з імі ў Тбілісі падчас святкавання 750-годдзя бессмяротнай паэмы Шата Руставэлі “Віцязь у тыгровай шкуры”.

Асаблівая ўвага аддадзена г. Цхалтуба, які пакінуў значны след у жыцці і творчасці Песняра. Сюды ён прыязджаў з класікам беларускай літаратуры і сваім сябрам Якубам Коласам. Тут сустракаўся з рускім пісьменнікам А. Новікавым-Прыбоем. Знаёмства з гісторыяй Грузіі, яе фальклорам натхніла Янку Купалу на стварэнне вершаў “Грузія”, “Мы людзі свабодныя”. Але больш за ўсё сэрца паэта закранулі цудоўныя людзі – урачы санаторыя Эліко Метэхелі (ёй прысвечаны верш “Генацвале”), Ціна Джавахішвілі і Уладзімір Кікнадзэ, з якімі падарожнічаў па ваколіцах Цхалтуба. Выстаўка знаёміць з аўтографамі гэтых вершаў.

У зборах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы захоўваюцца шматлікія памяткі, якія сведчаць пра значны ўклад Янкі Купалы ў развіццё міжнацыянальных культурных сувязяў. У рамках міжнароднага выставачнага праекта “Янка Купала ў дыялогу культур” музей раскрывае яшчэ адну старонку творчай біяграфіі паэта, якая звязана са шляхамі Песняра па грузінскай зямлі.

Аўтар: Марына Весялуха
Звязда, 1 чэрвеня 2016
 
Дата публикации:01.06.2016
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:834
 
Ключевые слова:
Беларусь-Грузия Янка Купала Музеи Выставка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме