https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Сусветны дзень барацьбы з гандлем людзьмі


30 ліпеня адзначаюць Сусветны дзень барацьбы з гандлем людзьмі.
Паводле ацэнак ААН, "у пастцы сучаснага рабства адначасова знаходзяцца прыблізна 21 мільён чалавек". У 2010 годзе Генеральная асамблея ААН прыняла Глабальны план дзеянняў па барацьбе з гандлем людзьмі, заклікаўшы ўрады ва ўсім свеце прыняць скаардынаваныя і паслядоўныя меры, каб перамагчы гэтае зло. План прадугледжвае інтэграцыю барацьбы з гандлем людзьмі ў больш шырокія праграмы ААН для таго, каб паскорыць тэмпы развіцця і павысіць ступень бяспекі ва ўсім свеце. Адным з найважнейшых палажэнняў плана з`яўляецца стварэнне мэтавага фонду ААН для добраахвотных узносаў у інтарэсах ахвяраў гандлю людзьмі, асабліва жанчын і дзяцей.

У 2013 годзе Генасамблея правяла сустрэчу на высокім узроўні для ацэнкі ходу ажыццяўлення Глабальнага плана дзеянняў. Дзяржавы-члены таксама прынялі рэзалюцыю A/RES/68/192, абвясціўшы 30 ліпеня Сусветным днём барацьбы з гандлем людзьмі. 

"Па ўсім свеце злачынцы займаюцца гандлем людзьмі з мэтай нажывы. Большасць ахвяраў гандлю людзьмі складаюць уразлівыя жанчыны і дзяўчыны, у тым ліку тыя, якіх уцягваюць у сексуальную эксплуатацыю, што прыніжае годнасць", — гаворыцца ў пасланні генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна. 

"Злачынныя супольнасці, якія займаюцца гандлем людзьмі, квітнеюць у тых краінах, дзе не забяспечваецца належны ўзровень законнасці і абцяжаранае міжнароднае супрацоўніцтва", — зазначае кіраўнік ААН. 

Ён заклікаў усе краіны свету змагацца з адмываннем грошай, а таксама падпісаць і ратыфікаваць канвенцыі ААН супраць карупцыі і транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці, уключаючы пратакол аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі. 

Апрача таго, Пан Гі Мун заклікаў "аказаць істотную падтрымку тым, хто мае ў ёй патрэбу, у тым ліку забяспечыць ім абарону і магчымасць атрымання доступу да правасуддзя і сродкаў прававой абароны". 

"Усе краіны павінны аб`яднаць свае намаганні ў справе ліквідацыі гэтай транснацыянальнай пагрозы шляхам забеспячэння падтрымкі і абароны для ахвяраў, а таксама вышуку і судовага пераследу злачынцаў", — падкрэсліваецца ў пасланні генеральнага сакратара ААН.

У Беларусі з 2002 года рэалізуецца нацыянальны план дзеянняў, у якім бяруць удзел больш як 20 дзяржаўных органаў з уцягваннем структур грамадзянскай супольнасці, міжнародных і грамадскіх арганізацый. Акцэнт у праграме зроблены на папярэджанні гандлю людзьмі, прафілактыцы і мінімізацыі сацыяльных наступстваў, а таксама супрацьдзеянні новым актуальным выклікам і пагрозам (дзіцячай парнаграфіі, секс-турызму, педафіліі).

30—31 ліпеня ў Мінску пройдзе другі міжнародны семінар для прадстаўнікоў кампетэнтных органаў дзяржаў — членаў Групы сяброў, якія аб`ядналіся ў барацьбе з гандлем людзьмі. Паводле інфармацыі беларускага МУС, у Групу сяброў, створаную ў ААН з ініцыятывы Беларусі для актывізацыі і ўмацавання глабальнай барацьбы з трафікінгам, сёння ўваходзяць 22 дзяржавы, якія падтрымалі пазіцыю Беларусі аб неабходнасці кансалідацыі міжнародных намаганняў па супрацьдзеянні гандлю людзьмі.

У цэнтры ўвагі на семінары будзе тэма супрацьдзеяння гандлю дзецьмі з мэтай сексуальнай і працоўнай эксплуатацыі, а таксама дзіцячай парнаграфіі ў інтэрнэце. Эксперты абмяняюцца вопытам у сферы барацьбы са згаданымі з`явамі, рэабілітацыі і аказання дапамогі пацярпелым.

Апрача таго, у крэатыўнай прасторы "ЦЭХ" у Мінску з 27 па 31 ліпеня праходзіць тыдзень тэматычных фільмаў, прысвечаны Сусветнаму дню барацьбы з гандлем людзьмі. Увазе гледачоў прапанаваныя работы беларускіх, амерыканскіх, балгарскіх, сербскіх і шведскіх кінематаграфістаў.

Мінск, 30 ліпеня 2015
 
Дата публикации:30.07.2015
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:749
 
Ключевые слова:
Всемирный день борьбы с торговлей людьми Права человека ООН
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме