https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Лукашэнка: Найглыбейшы духоўны крызіс ахапіў многія краіны


Аляксандр Лукашэнка 12 студзеня ўручыў прэміі прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне", спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва, а таксама спецыяльныя прэміі "Беларускі спартыўны Алімп".
"Культура з`яўляецца падмуркам, на якім фарміруецца і развіваецца любая нацыя, вызначаецца яе жыццяздольнасць і творчы патэнцыял", — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

"Культура ляжыць у аснове ідэалогіі дзяржаў, паказваючы тыя напрамкі і мэты, на якія арыентуецца грамадства, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Гэта шматгранная з`ява, якая ахоплівае многія сферы жыцця, у тым ліку працоўную дзейнасць, уладкаванне побыту, стаўленне да прыроды, навакольнага свету і роднага краю". Ён заявіў, што "без удумлівага, мудрага стаўлення да жыцця, без маральных крытэрыяў, заснаваных на шматвяковым вопыце продкаў, немагчыма пабудаваць стабільную і паспяховую дзяржаву".

Лукашэнка ў чарговы раз падкрэсліў, што цяпер "няпросты, вельмі трывожны час". "Я вельмі часта пра гэта кажу, і паверце, нездарма. Найглыбейшы духоўны крызіс ахапіў многія краіны. І як вынік: у розных кутках Зямлі дэструктыўныя сілы робяць спробы зламаць сістэму традыцыйных каштоўнасцяў. Агрэсіўныя нападкі на асновы маралі робяцца адной са злавесных прыкмет сучаснасці", — заявіў ён.

Лукашэнка лічыць, што "высокія тэхналогіі, небывалая ў гісторыі хуткасць камунікацый і глабалізацыя не дапамаглі людзям стаць бліжэй адзін да аднаго", а якраз наадварот — "у ліхіх руках усё гэта ператвараецца ў сродак маніпуляцыі свядомасцю, у інструмент распальвання варожасці", паведамляе прэс-служба.

"На жаль, ужо бачныя горкія плады такой палітыкі. Адпрэчваюцца інстытут сям`і, каштоўнасць чалавечага жыцця, сацыяльная справядлівасць. Эгацэнтрызм, ўсёдазволенасць і карысталюбства выракаюць асобу і грамадства на поўную дэградацыю", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

"Яшчэ нядаўна здавалася, што свабода дзеля свабоды зробіць чалавека больш шчаслівым. Але адмова ад маральных самаабмежаванняў прывяла да невырашальных супярэчнасцяў, зацяжных кровапралітных канфліктаў і войнаў", — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

На яго думку, "бяздумныя адносіны да навакольнага асяроддзя паставілі чалавецтва на грань экалагічнай катастрофы".

"Само жыццё дае нам чарговы цяжкі, але важны ўрок, — зазначыў Лукашэнка. — Мы павінны зразумець: тое, што не мае глыбокай маральнай асновы, ні ў якім разе не можа прынесці карысць ні людзям, ні грамадству ў цэлым. Бо яшчэ апостал Павел казаў: "Усё мне дазволена, але не ўсё на карысць".

"Сучасныя рэаліі такія, што менавіта згуртаванасць нацыі вакол сапраўдных, стваральных каштоўнасцяў з`яўляецца гарантыяй яе захавання і прагрэсу, духоўнага здароўя і дабрабыту", — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Падчас уручэння прэмій Лукашэнка паведаміў, што гэтай цырымоніяй ён адкрыў мерапрыемствы Года культуры, якім у Беларусі аб`яўлены 2016 год.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 12 студзеня 2016
 
Дата публикации:12.01.2016
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:652
 
Ключевые слова:
Год культуры Национальные ценности
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме