https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Курманбек Бакіеў: Я не страляў у свой народ


Экс-прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў пакінуў палітыку і не збіраецца ў яе вяртацца.
Пра гэта ён заявіў 22 кастрычніка ў Мінску на прэзентацыі ўласнай кнігі ўспамінаў з аналізам сённяшняй сітуацыі ў роднай краіне.

Як заявіў Бакіеў журналістам на прэзентацыі выдання, напісаць кнігу "Боль, любоў і надзея: мой Кыргызстан" яго падштурхнула тое, што апошнія пяць гадоў "улады Кыргызстана стараліся запляміць брудам" яго імя. Палітык зазначыў, што пасля красавіцкай рэвалюцыі  ў 2010 годзе і ўцёкаў у Беларусь "пакінуў палітыку і не збіраецца ў яе вяртацца". Усе гэтыя гады ён "вёў ціхі і спакойны лад жыцця, не рабіў ніякіх заяў і каментарыяў", нягледзячы на ўсе абвінавачванні цяперашніх кіргізскіх улад. 

"Я маўчаў пяць гадоў, не ўмешваўся ні ў што, — зазначыў Бакіеў. — Але сёння ўсё негатыўнае ў Кыргызстане вешаюць на мяне, маіх сваякоў і, як кажуць, "бакіеўскіх" людзей. Я як зямны чалавек заслугоўваю крытыкі, але не агульнага ганьбавання".

У выніку штурму Дома ўрада ў Бішкеку 7 красавіка загінулі больш як сто чалавек. Экс-прэзідэнт Кыргызстана заявіў, што не аддаваў загад страляць па людзях: "Згодна з законам, у выпадку нападу на Белы дом (Дом урада Кыргызстана), ахова мае права прымяняць зброю без загаду". Паводле яго слоў, Жаныбек Бакіеў, яго брат, які ў той час узначальваў Службу дзяржаўнай аховы, таксама казаў, што каманды страляць на паражэнне не было, а праваахоўнікі выкарыстоўвалі толькі слёзатачывы газ і гумавыя кулі.

Экс-прэзідэнт Кыргызстана спаслаўся на кнігу журналіста Ырысбека Амурзаева, які пісаў, што пры аналізе цел на іх знайшлі сляды дробу і дробнакалібернай зброі, а такога ўзбраення ў міліцыі не было. Пазней, прадоўжыў Бакіеў, балістычная экспертыза паказала, што ў загінулых стралялі не з боку ўрадавага будынка. Таксама, паводле яго слоў, Амурзаеў сабраў факты таго, што людзі выйшлі на вуліцы не з мірным пратэстам, а загадзя гатовыя да ўзброенага паўстання.

Рэвалюцыя ў Кыргызстане, мяркуе Бакіеў, была б немагчымая без знешняга ўмяшання і фінансавай падтрымкі. Ён упэўнены, што простыя кіргізы не маглі кіраваць бронетранспарцёрамі, якія выкарыстоўвалі паўстанцы. "Гэта была добра падрыхтаваная аперацыя… Я здагадваюся, хто ўмяшаўся, але сказаць не магу. За сябя я не баюся, але могуць пацярпець іншыя людзі".

Паводле слоў Бакіева, ён шкадуе, што "дапусціў чалавечыя ахвяры, не прадухіліў іх". Пасля прыходу да ўлады Курманбек Бакіеў і яго ўрад "сталі займацца эканомікай", не адцягваючыся на апазіцыйныя мітынгі, якія "не сціхалі больш як два гады". За гэты час праваахоўнікі "нікога не разганялі" сілавымі метадамі. Аднак ні ён, ні яго людзі, сказаў кіргізскі экс-прэзідэнт, не ўсведамлялі рэальнай магчымасці перавароту.

Бакіеў заявіў, што 7 красавіка ён таксама не збіраўся "зачышчаць" паўстанцаў каля Дома ўрада, бо тады "ахвяр было б больш". "Я не пайшоў па гэтым шляху, для мяне ён быў непрымальны", — сказаў ён.

"Калі б я не пакінуў краіну, то магло б быць горш… Я мог сказаць ім, што я легітымны прэзідэнт, але было б больш крыві", — упэўнены экс-прэзідэнт Кыргызстана. Паводле яго слоў, рашэнне ўцякаць з краіны ён прыняў пасля размовы з Уладзімірам Пуціным. Прэзідэнт Расіі сказаў яму, што "калі пачнецца вайна паміж Паўночным і Паўднёвым Кыргызстанам", то адказнасць за гэта людзі ўскладуць менавіта на Бакіева.

У цэлым кніга "Боль, любоў і надзея: мой Кыргызстан" утрымлівае больш эканамічнага аналізу сітуацыі ў краіне, чым палітычнага аспекту жыцця Кыргызстана. Так, Бакіеў выкарыстоўваў афіцыйныя статыстычныя звесткі, каб прадэманстраваць, што за час яго прэзідэнцтва знешні доўг дзяржавы скараціўся, у краіну ішлі прамыя інвестыцыі, вырас аб`ём грашовых укладаў насельніцтва, умацавалася нацыянальная валюта. Цяперашнія ўлады Кыргызстана, паводле яго слоў, правалілі ўсе гэтыя паказчыкі.

Нагадаем, Курманбек Бакіеў, звергнуты з пасады прэзідэнта Кыргызстана ў красавіку 2010 года, прыехаў у Беларусь з неафіцыйнай жонкай і двума дзецьмі паводле асабістага запрашэння Аляксандра Лукашэнкі. Згодна з неафіцыйнай інфармацыяй, у жніўні таго ж года ён атрымаў беларускае грамадзянства. У ліпені 2014 года Курманбек Бакіеў і яго брат Жаныбек, які ўзначальваў Службу дзяржаўнай аховы, былі прыгавораныя ў сябе на радзіме да пажыццёвага зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Яны прызнаныя вінаватымі ў саўдзеле ў арганізацыі забойства, замаху на забойства, перавышэнні службовых паўнамоцтваў.

Кіргізскі бок неаднаразова патрабаваў ад Мінска затрымання і экстрадыцыі Курманбека Бакіева, таму што ён знаходзіцца ў міжнародным вышуку па абвінавачванні ў асабліва цяжкіх злачынствах. Чаканай рэакцыі з беларускага боку не было.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 22 кастрычніка 2015
 
Дата публикации:22.10.2015
Тематика:Новости, В мире
Просмотров:658
 
Ключевые слова:
Кыргызстан Курманбек Бакиев Цветные революции Беспорядки
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме