https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Мандат спецдакладчыка ААН па сітуацыі ў Беларусі працягнуты на год


Савет ААН па правах чалавека ўхваліў рэзалюцыю, якая прадугледжвае працяг на год мандата спецдакладчыка па Беларусі.
Галасаванне па рэзалюцыі адбылося 13 чэрвеня на сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ) у Жэневе. За прыняцце рэзалюцыі прагаласавалі 26 краін, супраць — тры, 18 — устрымаліся.

"Савет пастанаўляе працягнуць на адзін год мандат спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і просіць спецыяльнага дакладчыка прадставіць даклад аб сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Савету па правах чалавека на яго дваццаць шостай сесіі Генеральнай асамблеі — на яе шэсцьдзесят дзявятай сесіі", — гаворыцца ў рэзалюцыі.

У рэзалюцыі выказваецца глыбокая занепакоенасць у сувязі з "парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, якія працягваюцца і якія носяць структурны і эндэмічны характар, а таксама сістэмных і сістэматычных абмежаванняў правоў чалавека, асабліва ў адносінах да свабоды асацыяцый, сходаў і права на свабоду думак і іх свабоднае выказванне".

Савет па правах чалавека таксама занепакоены "прымяненнем катаванняў і жорсткім абыходжаннем у месцах утрымання пад вартай, адсутнасцю рэакцыі ўрада на выпадкі насільных знікненняў палітычных апанентаў, парушэннямі працоўных правоў, раўназначнымі прымусовай працы, значнымі прагаламі ў антыдыскрымінацыйным заканадаўстве, беспакаранасцю асоб, якія парушаюць і ўшчамляюць правы чалавека, прыцясненнем арганізацый грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, журналістаў і палітычных апанентаў, аказаннем націску на адвакатаў, няўдзелам апазіцыйных палітычных партый у працы парламента".

Савет рэкамендуе ўраду Беларусі правесці "ўсёабдымны агляд заканадаўства, палітыкі, стратэгій і практыкі для таго, каб нормы былі ясна вызначаныя, адпавядалі міжнароднаму праву і абавязацельствам краіны ў сферы правоў чалавека і не выкарыстоўваліся, каб перашкодзіць або празмерна абмяжоўваць любыя правы чалавека, уключаючы свабоду выказвання меркаванняў, асацыяцыі і мірных сходаў і свабоду сродкаў масавай інфармацыі".

У рэзалюцыі СПЧ настойліва заклікае беларускае кіраўніцтва неадкладна і безагаворачна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных, а таксама рэабілітаваць тых, хто ўжо свабодны.

Савет заклікае ўлады Беларусі ў поўнай меры супрацоўнічаць са спецдакладчыкам ААН, у тым ліку шляхам давання яму доступу для наведвання краіны і доступу да патрэбнай інфармацыі.

Перад галасаваннем па рэзалюцыі выступілі прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэневе Міхаіл Хвастоў, а таксама прадстаўнікі Эквадора і Венесуэлы.

Хвастоў заявіў, што Беларусь ведае, як абараняць правы чалавека, бо з`яўляецца незалежнай краінай з ужо сфарміраванай палітычнай сістэмай.

Прадстаўнік Венесуэлы зазначыў, што яго краіна катэгарычна не дапускае палітычныя маніпуляцыі праз тэматыку правоў чалавека.

Прадстаўнік Эквадора, які ўстрымаўся, заявіў, што факты, выкладзеныя ў справаздачы спецдакладчыка па Беларусі, не даюць разумення сітуацыі ў краіне.

Справаздача спецдакладчыка па сітуацыі ў Беларусі Міклаша Харашці была заслухана на сесіі 4 чэрвеня. Яшчэ тады пры абмеркаванні даклада Хвастоў заявіў, што Беларусь не мае патрэбы ў спецыяльным дакладчыку ці іншых такога кшталту інстытутах. Ён зазначыў, што гэты даклад выкарыстоўваецца для аказання палітычнага і эканамічнага націску на Беларусь.

"Беларускі народ не мае патрэбы ў спецдакладчыку. Мы ведаем, якія ў нас ёсць праблемы, і гатовыя іх вырашаць. У нас ёсць свая мадэль, заснаваная на нацыянальным суверэнітэце, бяспецы і вяршэнстве закона. Мы адхіляем усе абвінавачанні, якія ўтрымліваюцца ў дакладзе, і заяўляем, што высновы даклада для нас непрымальныя", — сказаў афіцыйны прадстаўнік Беларусі.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 13 чэрвеня 2013
 
Дата публикации:13.06.2013
Тематика:Новости, В мире
Просмотров:1511
 
Ключевые слова:
Беларусь-ООН Суверенитет Двойные стандарты
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме