https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У 2011 годзе барацьба за правы чалавека распаўсюджвалася як ніколі імкліва, канстатуе ААН


Аб гэтым гаворыцца ў пасланнях генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна і вярхоўнага камісара Арганізацыі па правах чалавека Наві Пілэй у сувязі з Міжнародным днём правоў чалавека, які адзначаецца 10 снежня.
Аўтары пасланняў заклікалі ўрады ўсіх краін не блакаваць доступ да інтэрнэта і сацыяльных сетак, спрабуючы тым самым прадухіляць крытыку і грамадскія абмеркаванні.

Пры гэтым Пілэй падкрэслівае: у Тунісе і Каіры, Бенгазі і Дэр`а, а пазней (хаця і ў зусім іншым кантэксце) у Мадрыдзе, Нью-Ёрку, Лондане, Сант`яга і шэрагу іншых гарадоў мільёны людзей з усіх слаёў грамадства мабілізаваліся, каб запатрабаваць ад уладаў паважаць чалавечую годнасць.

"Яны змахнулі пыл з абяцанняў, выкладзеных ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і запатрабавалі свабоду ад страху і свабоду ад галечы, сфармуляваўшы такім чынам у сціслым варыянце ўсе грамадзянскія, палітычныя, сацыяльна-эканамічныя і культурныя правы, што ўтрымліваюцца ў дэкларацыі", — цытуе прэс-служба ААН вярхоўнага камісара па правах чалавека.

Пан Гі Мун у сваім пасланні падкрэслівае, што сёлета правам чалавека надавалася асаблівая ўвага. Па ўсім свеце ўзнікалі грамадскія рухі за справядлівасць, годнасць, роўнасць і ўдзел — правы, абвешчаныя ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Кіраўнік ААН звяртае ўвагу на тое, што ў 2011 годзе была пачаты новыя працэсы дэмакратычных пераўтварэнняў; зроблены новыя захады па прыцягненні да адказнасці вінаватых ва ўчыненні ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці; на новы ўзровень выйшла разуменне саміх правоў чалавека.

Пры гэтым, адзначае Пан Гі Мун, многія людзі, якія імкнуліся адстойваць свае законныя спадзяванні, падтрымлівалі сувязь адзін з адным праз сацыяльныя сеткі.

"Сышлі ў мінулае тыя часы, калі рэпрэсіўныя ўрады маглі поўнасцю кантраляваць патокі інфармацыі. Сёння, кіруючыся прынятымі імі абавязацельствамі выконваць правы на свабоду сходаў і выказванне меркаванняў, урады не павінны блакаваць доступ да інтэрнэту і да розных сацыяльных сетак у якасці метаду папярэджання крытыкі і грамадскіх дэбатаў", — сказана ў пасланні генеральнага сакратара ААН.

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека была зацверджана 10 снежня 1948 года. Гэта базавы дакумент, якім павінны кіравацца ўсе дзяржавы — члены ААН. Дэкларацыя пацвярджае годнасць кожнага чалавека, абвяшчае ўніверсальнасць і непадзельнасць яго правоў, а таксама ўзаемасувязь грамадзянскіх, культурных, эканамічных, палітычных і сацыяльных правоў.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 10 снежня 2011
 
Дата публикации:10.12.2011
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:3246
 
Ключевые слова:
Международные праздники Права человека Декларация прав человека
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме