https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Кіргізстан: спробы затушыць міжэтнічны пажар


Часовы прэзыдэнт Кіргізстану Роза Атунбаева наведала сёньня зону канфлікту на поўдні краіны, тым часам як памочнік дзяржсакратара ЗША Робэрт Блэйк заклікаў правесьці незалежнае расьсьледаваньне міжэтнічных сутыкненьняў, у выніку якіх загінула амаль дзьвесьце чалавек і сотні тысячаў уцекачоў пакінулі сваё жытло.
Прыляцеўшы ў горад Ош для ацэнкі памераў разбурэньняў і нанесенай людзям шкоды, Атунбаева паабяцала, што ўсё разбуранае будзе адноўленае і ўцекачы вернуцца дадому:

“Мы хочам даць пэрспэктыву, надзею на тое, што мы ўзьнімем гэты горад, мы абавязкова вернем усіх уцекачоў назад, будзем ствараць усе ўмовы для гэтага. Я думаю, што ўвесь сьвет нам будзе дапамагаць, бо ў нас ёсьць добрая воля жыць у міры, жыць у сяброўстве – два народы”.

У апублікаваным сёньня інтэрвію Атунбаева выказала боязь, што колькасьць ахвяраў можа быць у дзесяць разоў большая за афіцыйныя лічбы, паводле якіх у выніку канфлікту загінула 190 і было паранена каля 2000 чалавек.

Паводле ацэнак ААН, каля 400 тысячаў чалавек пакінулі сваё жытло ў Ошаўскай і Джалал-абадзкай абласьцях.

Суседні Ўзьбекістан прыняў як найменей 75 тысячаў уцекачоў, якія сталіся аб`ектам нападаў узброеных кіргізаў у сваіх дамох на поўдні Кіргізстану.

Уцекачы былі разьмешчаныя ў імправізаваных лягерах у памежнай з Кіргізстанам Андыжанскай вобласьці Ўзьбекістану.

Сёньня лягеры ўцекачоў у Андыжанскай вобласьці наведаў Робэрт Блэйк, памочнік дзяржсакратара ЗША ў справах Паўднёвай і Цэнтральнай Азіі. Ён заявіў, што вельмі важна правесьці расьсьледаваньне міжэтнічнага канфлікту ў паўднёвым Кіргізстане.

“Аднак, улічваючы вялікую колькасьць узьбецкіх уцекачоў ва Ўзьбекістане, чые сьведчаньні мусяць быць пачутыя, афіцыйнае кіргіскае расьсьледаваньне мусіць суправаджацца незалежным расьсьледаваньнем”, – дадаў Блэйк.

Блэйк заклікаў кіргіскія ўлады “пакласьці канец гвалту і патоку ўцекачоў”.

Тым часам працягвае пашырацца інфармацыя пра зьбіцьцё, катаваньні і згвалтаваньні групамі кіргізаў этнічных узьбекаў.

Пік гвалту ўжо прамінуў, аднак паасобныя напады і рабункі працягваюцца. Карэспандэнт Радыё Свабода ў Ошы бачыў сёньня, як невялікія групы ўзьбецкіх жанчын накіроўваліся да ўзьбецкай мяжы.

Карэспандэнт нашага радыё Джанарбек Акаеў, які асьвятляў візыт Розы Атунбаевай у Ош, паведаміў, што вялікая колькасьць мясцовых жыхароў сабралася сёньня ў цэнтры гораду, каб выказаць свой гнеў і незадавальненьне сытуацыяй у рэгіёне.

У выніку канфлікту, які выбухнуў 11 чэрвеня, многія кварталы Ошу стаяць у руінах. Шмат будынкаў, у тым ліку культурныя і дзелавыя ўстановы, крамы і рэстараны, а таксама прыватныя дамы былі падпаленыя.

Сярод ахвяраў канфлікту былі і кіргізы, аднак бальшыня нападаў была скіраваная супраць этнічных узьбекаў.

Наш карэспандэнт Брус Панье, які гэтымі днямі працуе ў Ошы, заўважыў знакі прымірэньня паміж кіргізамі і ўзьбекамі, калі вернікі сабраліся сёньня для пятнічнай малітвы ў мячэці імама Аль-Бухары.

Часовы ўрад Кіргізстану, які прыйшоў да ўлады сёлета ў красавіку, змагаецца за кантроль над поўднем краіны, дзе зрынуты прэзыдэнт Курманбек Бакіеў мае найбольшую падтрымку.

Урад Бакіева быў адхілены ад улады ў выніку народнага паўстаньня. Прадстаўнікі часовага ўраду абвінавачваюць прыхільнікаў Бакіева ў распальваньні і фінансаваньні канфліктаў на поўдні краіны. Сам Бакіеў неаднаразова зьняпраўджваў гэтыя абвінавачаньні.

18.06.2010 Радыё Свабода       Сяргей Шупа

 
Дата публикации:18.06.2010
Тематика:Новости, В мире
Просмотров:7057
 
Ключевые слова:
Кыргызстан
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме