У гэтым месцы 13 ліпеня 1942 году гітлераўцы расстралялі больш за пяцьдзясят прадстаўнікоў мясцовай інтэлігенцыі — сьвятароў і законных сёстраў, настаўнікаў, габрэяў, іншых людзей розных заняткаў і нацыянальнасьцяў. Усяго вядомыя імёны сарака васьмі чалавек, зь якіх — чатырнаццаць ксяндзоў. Старэйшыя жыхары кажуць, што закатаваных у той дзень было нашмат больш, але дакладная іх колькасьць невядомая. Чарговая, 73-я гадавіна іх гібелі сталася пачаткам аднаўленьня пайменнай памяці закатаваных сьвятароў: упершыню ў вёсцы Палонка адбылася ўрачыстая жалобная імпрэза, прысьвечаная аднаму зь іх — ксяндзу Вінцэнту Курасу.
Напачатку сьветары і вернікі запалілі сьвечкі на агульнай магіле ў Баранавічах, дзе пахаваны ксёндз Вінцэнт. А потым пабывалі на парэштках падмуркаў былога сірочага дому ў вёсцы Дзеткавічы каля Палонкі, дзе працаваў дырэктарам ксёндз Вінцэнт. Цяпер гэта лясная мясьціна, густа зарослая дрэвамі і хмызьняком.
Упершыню імя Вінцэнта Кураса адкрыў сабрат закатаванага сьвятара ў ордэне айцоў-міхалітаў ксёндз Генадзь Кухарэвіч зь Менску. Падчас наведваньня месца тых трагічных падзеяў ён распавёў:
«Ксёндз Вінцэнт быў скіраваны на службу ў Беларусь як прадстаўнік нашага ордэну айцоў-міхалітаў з Польшчы. І тут узначаліў сірацінец — прытулак для мясцовых дзяцей — усяго каля сотні чалавек. Ім тут давалі адукацыю, навучалі розным рамёствам, гадавалі ў асяродку духоўнасьці і культуры — у сірацінцы быў нават свой аркестар. А гэта, у сваю чаргу, сталася магчымым, дзякуючы Алене Ельскай — прадстаўніцы вядомага заможнага шляхецкага беларускага роду, якая перадала ордэну шмат маёмасьці — зямлю, будынкі, жывёлу. Падчас вайны ксёндз Вінцэнт бараніў сваіх выхаванцаў ад вывазу ў Нямеччыну, але быў выдадзены гітлераўцам і закатаваны за тое, што перахоўваў у сірацінцы габрэйскіх дзяцей. Пасьля яго гібелі дзяцей вывезьлі ў Нямеччыну, а партызаны спалілі ўсю маёмасьць сірацінца да самых падмуркаў. Цяпер на гэтым месцы можна пабачыць толькі кавалкі кафлі і посуду».
У мясцовым касьцёле ў вёсцы Палонка вяскоўцы разам са сьвятаром а. Дзьмітрыем зладзілі выставу архіўных матэрыялаў, прысьвечаных сям’і Алены Ельскай і арганізаванаму ёй сірацінцу. А таксама ўпершыню мясцовыя людзі і госьці жалобнай урачыстасьці, якія прыехалі зь Менску і ваколіцаў, упершыню пабачылі партрэт самога ксяндза Вінцэнта Кураса.
Пробашч касьцёла ксёндз Дзьмітрый, які стаў галоўным арганізатарам узнаўленьня памяці сьвятара, адзначыў:
«Сёньняшні дзень вельмі важны ў нашай парафіі, бо ўпершыню мы вырашылі малітоўнай памяцьцю ўзгадаць ксяндза Вінцэнта Кураса, які быў дырэктарам дзіцячай школы-інтэрнату ў Дзеткавічах. Але ня толькі ксяндза Вінцэнта, а таксама ўсіх расстраляных чатырнаццаць сьвятароў, чые парэшткі спачываюць на могілках у Баранавічах. Я і мае парафіяне вырашылі зладзіць гэтую невялічкую ўрачыстасьць, каб паказаць важнасьць іх служэньня ў абарону Хрыста і людзей. Бо ксёндз Курас быў расстраляны за захаваньне габрэйскіх дзяцей. Гэткія ўрачыстасьці маюць нам прыгадаць, наколькі мы гатовыя ісьці за Хрыстом, як ксёндз Вінцэнт Курас, ці гатовыя мы ахвяраваць сваім жыцьцём за іншых людзей у экстрэмальных умовах? Наколькі мы гатовыя пайсьці ў сваёй ахвярнасьці, як ахвяравалі сваім жыцьцём ксёндз Вінцэнт і ўсе чатырнаццаць сьвятароў, якія аддалі жыцьці за сваіх вернікаў».
Некалькі гадоў таму на агульнай магіле закатаваных 13 ліпеня 1942 году Саюз палякаў Беларусі ўсталяваў помнік «Памяці палякаў».
Галіна Абакунчык
Радыё Свабода, 14 ліпеня 2015
Радыё Свабода, 14 ліпеня 2015