Паводле габрэйскай традыцыі яны ўсклалі каменьчыкі ды запалілі шэсьць сьвечак у памяць пра шэсьць мільёнаў габрэяў, зьнішчаных фашыстамі ў часы Другой усясьветнай вайны.
«Антысэмітызм – зьява, якая мае ірацыянальны характар і ірацыянальную прыроду. Ён выпрабоўвае людзей» – зазначыў па сканчэньні памінальнага Кадзішу стараста магілёўскай сынагогі Сымон Глазштэйн.
«Габрэям усю сваю гісторыю даводзіцца даказваць права на існаваньне. Цяперашнія падзеі на Блізкім Усходзе – гісторыя вайны. Яшчэ адна старонка ірацыянальнай зьявы пад назвай антысэмітызм. Нянавісьць палестынскіх тэрарыстаў – гэта выпрабаваньне для нас і для іх. Габрэям хочацца жыць у міры».
«Дасьведчаны, культурны беларус – ён, перадусім, памятае, ведае пра габрэяў. Калі беларусы ня хочуць паўтарэньня трагедыі Другой усясьветнай вайны, то яны мусяць ведаць пра трагедыю габрэяў. Такіх беларусаў шмат. Яны рухаюць жыцьцё і шануюць памяць пра габрэяў, якіх у Беларусі, на жаль, засталося няшмат», выказваецца стараста магілёўскай сынагогі.
Памятны знак з высечанымі на ім далонямі, каля якога праходзіла жалоба, магілёўскія габрэі ўсталявалі ў 2008 годзе. На яго месцы ў жніўні 1941 году фашысты зьбіраліся зрабіць уваход у гета, але не пасьпелі. У кастрычніку зьняволеных габрэяў зьнішчылі. Зь дзесяці тысяч ацалелі адзінкі. Сродкі на памятны знак габрэі зьбіралі талакой. Высечаныя ў камяні далоні — сымбаль душ людзей, якія загінулі ў гета. Дотыкам сваіх далоняў ты дакранаесься да далоняў забітых людзей, кажуць габрэі.
27 студзеня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень Памяці ахвяраў Галакосту.
Радыё Свабода, 1 лютага 2015