https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Фестываль нацыянальных культур і не толькі. 5 прычын паехаць у Гродна на гэты ўік-энд


Фэст нацыянальных культур будзе доўжыцца тры дні — з пятніцы па нядзелю.
На самай справе паехаць у Гродна на гэтыя выхадныя можна па адной прычыне — тут, у каралеўскім горадзе, з 3 да 5 чэрвеня, будзе праходзіць Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Аднак, каб не засталося сумневаў, што свята варта наведаць, мы распавядзём аб парачцы самых цікавых рэчаў, сведкамі якіх абавязкова трэба стаць.

Нацыянальныя падворкі

Сёлета Фестываль нацыянальных культур будзе доўжыцца тры дні — з пятніцы па нядзелю. Таму галоўныя мерапрыемствы пачнуцца ўжо ўвечары 3 чэрвеня. Безумоўнай агульнай «фішкай» гэтага свята з’яўляюцца нацыянальныя падворкі, якія прадставяць культурную разнастайнасць поэўнага народа. Таму ў гэты дзень самым галоўным стане тэатралізаванае шэсце нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў. «Вянок нацыянальных культур» пачнецца ў 20:00, а ўдзельнікі маршу пройдуць ад плошчы Леніна да плошчы Савецкай.

Наведаць нацыянальныя падворкі можна будзе на наступны дзень, у суботу, 4 чэрвеня. На галоўных вуліцах Гродна — Ажэшкі, Савецкай, Замкавай, Калючынскай, Найдуса — будзе размешчана сямнаццаць унікальных мястэчак, праца якіх пачнецца з 12:00 і працягнуцца да 16:00. Адкрыццё другога фестывальнага дня пачнецца на плошчы Леніна з беларускага падворка. Дзе менавіта размесціцца той ці іншы падворак на карце Гродна, глядзіце на спецыяльнай карце, якая дапаможа сарыентавацца.

Не забудзьцеся, што ўсе два дні на вуліцах горада будзе працаваць выстава-кірмаш «Горад майстроў», дзе можна будзе набыць разнастайныя сувеніры ручной працы.

Праспяваюць «Песняры» і Саладуха

Ведаем, вы, як і мы, вельмі засумавалі як па вялікіх, так і па камерных канцэртах. На Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур можна будзе спаўна атрымаць асалоду ад самай разнастайнай музыкай. Для гасцей свята рыхтуюцца разнастайныя выступленні ўжо з першага дня.

Так, канцэртныя пляцоўкі, па традыцыі, размесцяцца на дзвюх галоўных плошчах горада —Леніна і Савецкай. У пятніцу, 3 чэрвеня, у 21:00 пройдзе ўрачыстае адкрыццё заключных мерапрыемстваў XIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Адразу ж пасля гэтага, у 21:30, пачнецца гала-канцэрт «Агонь адзінства», у якім возьмуць удзел прадстаўнікі мастацтваў Беларусі і нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў. Адметнасцю першага дня стане выступленне заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Руслана Аляхно.

У 23:00, у пятніцу, пачнецца святочны феерверк, а ў суботу вечарам у Парку Жылібера можна схадзіць на фаер-шоу «Агні фестывалю» ў 21:30.

Дарэчы, на наступны дзень, гэта значыць, 4 чэрвеня, на Савецкай плошчы днём пройдзе канцэрт Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры», які пачнецца ў 13:00. А вечарам жыхароў і гасцей горада чакае канцэрт Заслужанага артыста Беларусі Аляксандра Саладухі. Ён пачнецца ў 18:30 і, як мяркуецца, будзе доўжыцца цэлую гадзіну.

Арганная музыка

Асобна раім наведаць Лютэранскую кірху Святога Іаана, якая размяшчаецца па вуліцы Акадэмічнай, 7а. Акрамя таго, што вы зможаце наведаць адзіную дзеючую кірху ў нашай краіне, будзе магчымасць атрымаць асалоду ад дзіўных і незвычайных гукаў аргана. Тут у рамках фестывалю пройдзе канцэрт арганнай музыкі «Музыка народаў свету», які пачнецца а 18 гадзіне.

Лютэранскую кірху часта называюць «спяваючай», паколькі ўсе набажэнствы там праходзяць з музычным суправаджэннем. Каб паслухаць такі рэдкі інструмент, як арган, у Гродна прыязджаюць турысты з розных частак свету.

Турыстычныя трэнды

Абавязкова трэба зайсці ў двор Новага замка па вуліцы Замкавай, 20. Тут з першага дня фестывалю нацыянальных культур будзе працаваць выстава турыстычнага патэнцыялу краіны і дыялогавая пляцоўка «PRO — Турызм: аналітыка і трэнды 2022». Разгледзець пляцоўкі, дзе кожны беларускі рэгіён будзе сябе прэзентаваць, можна будзе 3 чэрвеня з 15.00 да 18.00, а 4 чэрвеня — з 11.00 да 16.00.

Гродзеншчына, як гаспадыня фестывалю, будзе мець максімальнае прадстаўніцтва. Тут будуць інтэрактыўныя пляцоўкі, анімацыйныя праграмы, дэгустацыя страў беларускай кухні, можна будзе запісацца на бясплатныя экскурсіі. Акцэнт зробяць на навінках турыстычнага сезона і перспектыўных напрамках развіцця турызму.

Таму для тых, хто турызмам у Беларусі цікавіцца асабліва, варта было б пабываць на дыялогавай пляцоўцы. Тут выступіць намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка і намеснікі старшыняў аблвыканкамаў, якія курыруюць сацыяльную сферу Міністэрства спорту і турызму.

З’ездзіць на Аўгустоўскі канал

Заключны дзень Фестывалю нацыянальных культур было вырашана арганізаваць на шлюзе Дамброўка на Аўгустоўскім канале. Там таксама пройдзе тэатралізаванае прадстаўленне ўдзельнікаў фестывалю. Урачыстае адкрыццё трэцяга дня фестывалю і турыстычнага сэзона на Аўгустоўскім канале пачнецца ў 13:00.

Усе інтэрактыўныя пляцоўкі сярод зеляніны і вады будуць працаваць з 13:00 па 18:00. Гэта і разнастайныя майстар-класы, гульні і спаборніцтвы, конкурс харэаграфічнага мастацтва, канцэрт самадзейных калектываў Гродзенскай вобласці. Будзе магчымасць пракаціцца на цеплаходзе, пакатацца на лодках і катамаранах, роварах, альбо проста атрымаць асалоду ад прыроды і прыемнага надвор’я.

Завершыцца свята дыска-шоу ў 20:00, дзе выступіць гродзенскі кавер-гурт «ВАЯЖ».

Ва ўпраўленні культуры аблвыканкама звярнулі ўвагу, што сёння фестываль нацыянальных культур — гэта ўжо не проста яркая культурная традыцыя Гродзенскай зямлі. Гэта пляцоўка для міжнацыянальнага дыялогу, значны форум па культурных і грамадска-палітычных пытаннях.

Праграму можна пабачыць тут

Аўтар: Аліса Скіба
Звязда, 2 чэрвеня 2022
 
Дата публикации:02.06.2022
Тематика:Культура, Национальные центры
Просмотров:1332
 
Ключевые слова:
Фэст культуры Гродна Аўгустоўскі канал Туризм в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме