https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


«Кожная краіна і нацыянальнасць маюць права на існаванне, калі яны памятаюць сваю гісторыю»


Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак напярэдадні святкавання Дня Перамогі сустрэўся з намеснікам старшыні Усеўкраінскага саюза беларусаў Ігарам Мошкіным.
На сустрэчы абмяркоўвалі работу з нацыянальна-культурнымі аб`яднаннямі і ўзнімалі пытанні супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой.

Падчас сустрэчы Аляксандр Румак расказаў, як у Беларусі рэалізоўваюцца правы і свабоды прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў, якіх у нашай краіне налічваецца больш за 150. Упаўнаважаны асабліва адзначыў той факт, што, нягледзячы нават на змену месца жыхарства, людзі розных дыяспар захоўваюць свае нацыянальныя традыцыі.

«У іх ёсць жаданне не забыць родную культуру, родную мову. Таму дапамога з боку дзяржавы вельмі важная. Сёння ў нашай краіне існуе 205 зарэгістраваных нацыянальных аб`яднанняў і 25 нацыянальных супольнасцяў. Пры ўпаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў існуе Кансультатыўны міжэтнічны савет, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі амаль усіх нацыянальных супольнасцяў. Пры гэтым яны самастойна вырашаюць пытанні размеркавання фінансавай дапамогі, якая аказваецца дзяржавай на правядзенне статутнай дзейнасці», — сказаў Аляксандар Румак.

Па словах упаўнаважанага, грошы выдаткоўваюцца перш за ўсё на культурнае развіццё, адукацыйную дзейнасць, выданне кніг, якія распавядаюць пра жыццё прадстаўнікоў той ці іншай нацыянальнасці ў нашай краіне, на правядзенне мерапрыемстваў, якія арганізоўваюцца гэтымі аб`яднаннямі па ўсёй рэспубліцы. Акрамя таго, нацыянальна-культурныя аб`яднанні рэгулярна прымаюць удзел у такіх акцыях, як «Нашы дзеці», «Тыдзень лесу», і мерапрыемствах, прысвечаных Дню Перамогі.

«Гэта вельмі збліжае людзей, — дадаў Аляксандр Румак. — Таму для нас важна падтрымліваць традыцыі, ствараць магчымасць збірацца разам з суайчыннікамі, займацца карыснымі справамі. Наша дзяржава робіць шмат для таго, каб людзі маглі рэалізаваць сваё імкненне да захавання нацыянальна-культурных традыцый. У 2020 годзе было выдзелена больш за 37 тысяч рублёў на падтрымку нацыянальна-культурных грамадскіх аб`яднанняў».

Ігар Мошкін у сваю чаргу праінфармаваў пра дзейнасць Усеўкраінскага саюза беларусаў па захаванні і развіцці самабытнасці беларусаў Украіны. Ён расказаў, што сёння на тэрыторыі Украіны пражывае каля 240 тысяч нашых суайчыннікаў. Там рэгулярна праходзяць мерапрыемствы па папулярызацыі беларускай культуры і мовы, нашых народных традыцый і звычаяў, а Дзень Незалежнасці Беларусі, Дзень роднай мовы і, вядома, 9 Мая беларусы адзначаюць па ўсім свеце.

«Кожная краіна і нацыянальнасць маюць права на існаванне, калі яны памятаюць сваю гісторыю. Украіна і Беларусь маюць вялікую агульную гісторыю. Калі ўзяць нават апошнія 100 гадоў — Вялікую Айчынную вайну. Ваявалі беларусы з украінцамі і рускімі плячо да пляча, і нашы дзяды адстаялі наша жыццё. Дзень Перамогі адзначаецца і ва Украіне, і ў Беларусі. Усе пра гэта памятаюць. Перамога была агульная, яе ніхто не дзяліў», — адзначыў прадстаўнік Усеўкраінскага саюза беларусаў.

На думку Ігара Мошкіна, нягледзячы на тое, што Украіна ідзе па еўрапейскім вектары развіцця, эканамічныя сувязі паміж нашымі краінамі варта пашыраць.

На сустрэчы абмяняліся і памятнымі падарункамі. Прадстаўнік Усеўкраінскага саюза беларусаў павязе з сабой сувеніры, кнігі і нацыянальныя гарнітуры для сяброў беларускіх дыяспар у Чарнігаве, Кіеве і Міргарадзе. Таксама спецыяльна для старшыні Чарнігаўскай грамадскай арганізацыі «Беларускае нацыянальна-культурнае таварыства «Сябры» Галіны Варажбіт, якая была дэлегатам ад Усеўкраінаскага саюза беларусаў на VІ Усебеларускім народным сходзе, Аляксандр Румак перадаў беларускі нацыянальны гарнітур, пашыты па мерках, знятых з жанчыны, калі яна знаходзілася на радзіме.

Намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алена Радчанка падчас афіцыйнай сустрэчы пазнаёміла госця з Украіны і журналістаў з фотавыставай «Беларусь шматнацыянальная», на якой прадстаўлены фатаграфіі дыяспары розных нацыянальнасцяў, якія пражываюць у нашай краіне.

Аўтар: Наталля Талівінская
Звязда, 6 траўня 2021
 
Дата публикации:06.05.2021
Тематика:Культура, Национальные центры
Просмотров:555
 
Ключевые слова:
Украина Всеукраинский совет белорусов Диаспора
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме